BE RU EN

Балтыйскія краіны пачнуць правяраць страхоўку ў танкераў ценевага флоту Пуціна

  • 16.12.2024, 20:51

Пра пастанову можа быць абвешчана ў панядзелак.

Дванаццаць еўрапейскіх краінаў маюць намер выяўляць расейскія танкеры, якія не маюць неабходнага страхавога пакрыцця пры праходжанні па Балтыйскім моры. Пастанова, якая даўно абмяркоўвалася, павінна быць прынятая пасля таго, як у Керчанскім праліве два 40-гадовыя танкеры пацярпелі крушэнне, якое можа прывесці да адной з найбуйнейшых экалагічных катастрофаў у Чорным моры.

Данія, Эстонія, Нарвегія і Швэцыя ды іншыя краіны паўночнай Еўропы збіраюцца ўвесці праверку страхавых полісаў расейскіх танкераў, расказалі Bloomberg людзі, знаёмыя з гэтым пытаннем. Пра пастанову можа быць абвешчана ў панядзелак. Заходнія краіны даўно падазраюць, што танкеры сабранага Расеяй ценевага флоту, якія вывозяць нафту ў абыход вызначанай коштавай столі, альбо зусім не застрахаваныя ад рызык, уключаючы разліў паліва, альбо застрахаваныя ў недастатковай ступені.

Прадстаўнікі Аб'яднанага экспедыцыйнага корпусу (у яго склад уваходзяць Вялікая Брытанія, Нідэрланды, краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі) на гэтым тыдні будуць абмяркоўваць праблемы, звязаныя з ценевым флотам, сказаў Reuters у панядзелак раніцай прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал. Паводле ягоных словаў, экалагічная катастрофа ў выніку дзейнасці гэтага флоту – гэта «толькі пытанне часу».

Асаблівую ролю ў праверцы караблёў павінна выканаць Данія, бо яе вузкія і звілістыя суднаходныя пралівы з'яўляюцца найважнейшай гандлёвай артэрыяй, па якой сёлета «працякло» расейскай нафты прыкладна на $33 млрд. Гэта блізу 42% сукупнага кошту расейскага марскога нафтавага экспарту, сведчаць сабраныя Bloomberg звесткі пра адсочванне судоў і кошты, атрыманыя ад Argus Media.

Пакуль новая ініцыятыва еўрапейскіх краінаў будзе складацца ў зборы звестак і забеспячэнні празрыстасці, гавораць прадстаўнікі краінаў. Міжнародныя законы аб свабодзе суднаходства не дазваляюць той самай Даніі і іншым дзяржавам патрабаваць ад танкераў страхавой інфармацыі (за выключэннем выпадкаў, калі ва ўладаў ёсць дакладная інфармацыя пра экалагічную пагрозу). Таму караблі могуць адхіляць такія запыты. Але калі танкеры, якія праходзяць па Балтыйскім моры, адмовяцца супрацоўнічаць, улады будуць гэта фіксаваць. Паводле словаў некалькіх крыніцаў Bloomberg, больш адчувальныя захады, заснаваныя на сабранай інфармацыі, могуць рушыць у будучыні.

Танкеры, якія перавозяць расейскую нафту, практычна перасталі заключаць дамовы страхавання з заходнімі кампаніямі, якія традыцыйна абслугоўвалі больш за 90% гэтага рынку. Вядома, што часткова іх замянілі расейскія кампаніі. Пры гэтым увесну Financial Times паведамляла са спасылкай на ўмовы полісаў «Ингосстраха», якія трапілі ў яе распараджэнне, што страхоўшчык можа ў выпадку катастрофы адмовіць у выплаце танкерам, якія працуюць на Балтыцы.

Акрамя таго, заходнія краіны падазраюць, што частка ценевага флоту можа зусім не мець страховак.

У нядзелю праз шторм у Керчанскім праліве аварыю пацярпелі два танкеры кампаніі «Валганафта», адзін з якіх разламаўся напалам. У іх на борце знаходзілася 9,2 тысячы тонаў мазуту. Паводле ацэнкі эколагаў з Greenpeace, у мора магло патрапіць блізу 4,3 тысячы тонаў, аварыя можа стаць адной з найбуйнейшых экалагічных катастрофаў у Чорным моры і пагражае сур'ёзнымі наступствамі для расліннага і жывёльнага свету.

Апошнія навіны