BE RU EN

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі і Паўночнай Карэі

  • 16.12.2024, 21:16

Пад абмежаванні патрапілі банкі, генералы і чыноўнікі.

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць расейскіх і паўночнакарэйскіх кампаній і фізічных асобаў. Пра гэта ў панядзелак, 16 верасня, паведаміў Мінфін ЗША.

Пад новыя абмежаванні патрапілі, сярод іншага, банкі, генералы і іншыя афіцыйныя асобы з КНДР, а таксама расейскія кампаніі, якія займаюцца перавозкай нафты. Галоўная мэта санкцый – спыніць падтрымку Пхеньянам вайны Расеі супраць Украіны і нанесці ўдар па фінансавай дзейнасці Паўночнай Карэі.

Дзесяць дзяржаваў і Еўразвяз асудзілі ўдзел Паўночнай Карэі ў вайне ва Украіне

Дзесяць краінаў і Еўразвяз у супольнай заяве, апублікаванай 16 снежня на сайце Дзярждэпартамента ЗША, асудзілі «ваеннае ўзаемадзеянне паміж КНДР і Расеяй, уключаючы адпраўку паўночнакарэйскіх салдатаў у Расею для выкарыстання на полі бою супраць Украіны». На думку падпісантаў, задзейнічанне Пхеньяна ў вайне ва Украіне азначае «небяспечнае пашырэнне канфлікту» з «сур'ёзнымі наступствамі для еўрапейскай і інда-ціхаакіянскай бяспекі».

Дакумент падпісалі міністры замежных справаў Нямеччыны, Аўстраліі, Канады, Францыі, Італіі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Новай Зеландыі, Вялікай Брытаніі, ЗША і прадстаўнік ЕЗ. Яны таксама выказалі «глыбокую занепакоенасць любой палітычнай, ваеннай або эканамічнай падтрымкай, якую Расея можа прапанаваць незаконным праграмам КНДР у стварэнню зброі, уключаючы зброю масавага знішчэння».

Зяленскі паведаміў пра прысутнасць салдатаў з Паўночнай Карэі на полі бою пад Курскам

У суботу, 14 снежня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што расейскае войска пачало задзейнічаць «прыкметную колькасць» салдатаў з Паўночнай Карэі ў аперацыях у Курскай вобласці. «Страты сярод гэтай катэгорыі ўжо таксама заўважныя», – заявіў ён у сваім вечаровым відэазвароце.

Апошнія навіны