BE RU EN

У Расеі затрымалі двух чалавек паводле падазрэння ў ліквідацыі генерала Кірылава

  • 18.12.2024, 9:57

Іх аўтамабіль нібыта "зафіксавалі камеры назірання".

Паводле падазрэння ў забойстве начальніка войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (РХБЗ) узброеных сіл Расеі генерал-лейтэнанта Ігара Кірылава і яго памочніка затрымалі двух чалавек, паведамілі крыніцы "Коммерсанта", "Известий" і РБК.

З іх слоў, праваахоўныя органы ўзялі след "з месца злачынства", звярнуўшы ўвагу на дзве падазроныя машыны, якія зафіксавалі камеры назірання. Мужчыны былі затрыманыя напярэдадні, 17 снежня, і ўжо далі прызнальныя сведчанні, піша "112".

Як сцвярджае крыніца "Коммерсанта", арганізатары тэракту выйшлі на мужчын праз мэсэнджары і далі ім кантакты сувязнога са Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Кірылаў і яго памочнік Ілля Палікарпаў былі ліквідаваныя раніцай 17 снежня ў выніку выбуху каля дома на Разанскім праспекце ў Маскве. Магутнасць выбуху была эквівалентная прыкладна 1 кг трацілу. Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб "тэракце, забойстве, незаконным абароце зброі і боепрыпасаў".

Крыніца "ВВС" ў Службе бяспекі Украіны (СБУ) паведаміў, што гэта была аперацыя спецслужбы. Паводле ягоных слоў, самаробнае выбуховае прыстасаванне было закладзена ў самакат, які стаяў побач з домам Кірылава на Разанскім праспекце. Калі раніцай генерал са сваім памагатым выходзілі з пад'езда, самакат быў дыстанцыйна падарваны.

“Кірылаў быў ваенным злачынцам і абсалютна законнай мэтай, паколькі аддаваў загады прымяняць забароненую хімічную зброю супраць украінскіх вайскоўцаў. Такі бясслаўны канец чакае ўсіх, хто забівае ўкраінцаў”, - адзначыў суразмоўца выдання.

Апошнія навіны