Амбасада Японіі пацвердзіла затрыманне другога японца ў Беларусі
- 18.12.2024, 12:21
Паведамлялася, што ён фатаграфаваў рэйкі.
Японія афіцыйна пацвердзіла затрыманне свайго другога грамадзяніна ў Беларусі. Адпаведную заяву 17 снежня зрабіла пасольства краіны ў Менску, паведамляе a target="_blank" href=https://www.asahi.com/ajw/articles/15554809>The Asahi Shimbun.
«Беларусь затрымала другога грамадзяніна Японіі, які, як паведамляецца, здымаў дарогу, паведаміла амбасада Японіі ў Беларусі 17 снежня. Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла амбасадзе Японіі аб затрыманні 16 снежня», - піша The Asahi Shimbun.
РАЗМЯШЧЭННЕ МЕСЦА ЗДАРЭННЯ І АГУЛЬНЫ ВІД АБ'ЕКТА НАЗІРАННЯ ЗАТРЫМАНАГА ГРАМАДЗЯНІНА ЯПОНІІ. ВЫЯВА: СУПОЛЬНАСЦЬ ЧЫГУНАЧНІКАЎ БЕЛАРУСІ
Там адзначаюць, што беларускія незалежныя СМІ паведамлялі пра затрыманне грамадзяніна Японіі ў пачатку снежня.
Пасольства Японіі ў Беларусі звярнулася ў МЗС краіны па пацвярджэнне і атрымала адказ, праінфармавалі ў пасольстве.
Аднак амбасада заявіла, што не можа абвяшчаць імя затрыманага або вылучаныя супраць яго абвінавачанні.
Не першы затрыманы японец
Нагадаем, «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла 3 снежня, што на перагоне Калінкавічы-Заходнія - раз'езд Клінск Гомельскага аддзялення БЧ затрымалі грамадзяніна Японіі, які здымаў на відэакамеру «канструкцыі аўтадарожнай эстакады трасы М10 Гомель - Кобрын».
А 4 верасня дзяржтэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што ў Беларусі «ўпершыню спыненая дзейнасць японскіх спецслужбаў». Затрыманы мужчына нібыта збіраў інфармацыю аб сацыяльна-палітычнай абстаноўцы ў Беларусі, рэалізацыі кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» і тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы, а таксама здымаў вайсковую інфраструктуру.
У сюжэце паказалі затрыманага японца - той паведаміў, што яго клічуць Наканісі Масатосі. Чалавек з такім імем і прозвішчам знайшоўся на сайце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. На сайце ВНУ ён прадстаўлены як выкладчык японскай мовы на навучальных курсах «ГДУ-Профі» Інстытута дадатковай адукацыі.
Тады ў Японіі таксама пацвердзілі затрыманне свайго грамадзяніна.