19 снежня 2010 года ў Беларусі адбылося Паўстанне годнасці
- 19.12.2024, 12:21
Сёння – гадавіна беларускай Плошчы.
19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі так званыя прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый іх вынікаў. Яна стала адной з самых масавых акцыяў пратэсту ў гісторыі Беларусі. Лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава тады называлі наймацнейшым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад апазіцыі. Паводле звестак незалежных назіральнікаў, ён мусіў выходзіць у другі тур разам з Лукашэнкам. Але мірны пратэст быў жорстка падаўлены міліцыяй і ўнутранымі войскамі.
Пасля галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна так ацаніла падзеі 19 снежня 2010 года: «Украінцы называюць Еўрамайдан Рэвалюцыяй годнасці. У 2010 годзе ў нас таксама адбылося Паўстанне годнасці. Людзі, якія выйшлі тады на вуліцы, сталі паважаць сябе і прымусілі свет паважаць беларускі народ».