BE RU EN

Акцыі «Газпрама» ўпалі пасля словаў Пуціна пра транзіт газу праз Украіну

  • 19.12.2024, 20:09

Дыктатар РФ паведаміў, што кантракту на транзіт газу праз Украіну ўжо не будзе.

Акцыі «Газпрама» на мінімуме ўпалі на 1,25%, да ₽106,7, сведчаць звесткі гандлю на 16:34 мск. Паперы кампаніі знізіліся пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас наўпростай лініі, сумешчанай з прэс-канферэнцыяй, выключыў магчымасць падаўжэння кантракту на транзіт расейскага газу праз Украіну. Паводле звестак на вечар 19 снежня, каціроўкі нафтагазавай кампаніі зніжаюцца на 0,71%, да ₽107,28.

Паводле словаў кіраўніка РФ, падаўжэння кантракту на транзіт расейскага газу праз Украіну ўжо дакладна не будзе, але «Газпрам», на ягоную думку, гэта перажыве. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта ўкраінскі бок адмовіўся ад прадаўжэння кантракта, «хоць атрымліваў ад нас недзе $700–800 млн на год». «Гэтага [транзітнага] кантракта не будзе ўжо, усё зразумела, але, значыць, добра, мы перажывем, "Газпрам" гэта перажыве», — сказаў Пуцін.

Акцыі «Газпрама» цягам дня дэманструюць падвышаную валацільнасць. 19 снежня Bloomberg паведаміў, што лідары ЕЗ і кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі ў Брусэлі абмяркуюць падаўжэнне пагаднення пра транзіт газу з Расеі. На гэтым фоне каціроўкі канцэрна падскочылі на 2,88% і на піку склалі ₽111,16 за паперу.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі заявіў, што прадаўжэння транзіту расейскага газу ў Еўропу не будзе.

«Мы не будзем займацца прадаўжэннем транзіту расейскага газу. Мы не будзем даваць магчымасць дадаткова зарабляць мільярды на нашай крыві», – заявіў Зяленскі.

Апошнія навіны