BE RU EN

Прэм'ер Лівіі назваў непрымальнай ідэю «альтэрнатыўнага плацдарму» Расеі

  • 19.12.2024, 21:44

Пра магчымасці такога манеўру пісала WSJ са спасылкай на службоўцаў ЗША і Лівіі.

Лівія будзе змагацца і супраціўляцца тым, хто паспрабуе заехаць у краіну без дазволу. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Лівіі Абдул Хамід Дбэйба, каментуючы меркаванні экспертаў, што Расея можа перакінуць частку вайскоўцаў з Сірыі ў Лівію.

Ніхто не будзе прымаць «замежную сілу, якая хоча навязаць сваю гегемонію і ўладу краіне і яе народу», – сказаў Дбэйба (цытата паводле Bloomberg). «Што датычыцца тых, хто ўязджае ў гэту краіну без дазволу, мы будзем супраць іх і будзем змагацца з імі», – дадаў прэм'ер-міністр. Ён пры гэтым указаў, што ў краіне адкрытыя да пагадненняў з Расеяй, якія датычацца адукацыйнай сферы.

Раней пра што, што Расея можа перакідаць вайсковую тэхніку з Сірыі ў Лівію пасля падзення рэжыму Башара Асада, паведамляла The Wall Street Journal са спасылкай на чыноўнікаў з ЗША і Лівіі. Пры гэтым выданне не прыводзіла ніякіх дэталяў пра маштабы магчымай перакідкі. «Некаторыя аналітыкі прапануюць у якасці альтэрнатыўнага плацдарму ўсходнюю частку Лівіі», – паведаміў Bloomberg і нагадаў, што пра магчымую перакідку таксама заяўляў міністр абароны Італіі Гвіда Красета. «Гэта нядобра», – казаў ён у інтэрв'ю газеце La Repubblica.

Тэхніку могуць перакідаць на ўсход краіны, тэрыторыю якога кантралюе ўрад маршала Халіфа Хафтара, які падтрымлівае блізкія стасункі з Расеяй. Ён, сярод іншага, прыязджаў у Расею ў 2023 годзе на сустрэчу ў Мінабароны. Да гэтага ў Лівію прыязджала дэлегацыя Мінабароны, якую ўзначальваў намеснік міністра абароны Расеі Юнус-Бек Еўкураў.

Пытанне будучыні расейскіх базаў у Сірыі паўстала пасля падзення ў краіне рэжыму Башара Асада. Цяпер расейская вайсковая прысутнасць захоўваецца, пісаў, сярод іншых, Reuters.

Расея вядзе перамовы з новымі ўладамі Сірыі пра вайсковыя базы – авіябазы ў Латакіі і ваенна-марскі пункт у Тартусе, паведамляў ТАСС са спасылкай на крыніцу. Пазней перамовы пацвердзілі ў Крамлі. «Мы ажыццяўляем кантакты з прадстаўнікамі тых сілаў, якія цяпер кантралююць сітуацыю ў краіне, і ўсё гэта будзе вызначацца падчас дыялогу», – казаў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Апошнія навіны