BE RU EN

Палітолаг: Для Сірыі з'явіўся шанец выйсці з цыклу войнаў

  • 2.12.2024, 18:50

У паўстанцаў ёсць агульная мэта.

Для Сірыі з'явіўся шанец выйсці з цыкла войнаў. Такое меркаванне сёння, 2 снежня, у эфіры тэлеканала FREEДОМ выказаў палітолаг Ігар Рэйтэровіч.

Ён канстатаваў, што для Башара Асада глабальная мэта - утрымаць уладу і кантроль над большай часткай тэрыторыі. У той жа час сярод паўстанцаў існуе некалькі розных груповак, якія толькі ў нейкай ступені маглі дамовіцца аб супольных дзеяннях.

«У гэтым плане ў іх зараз ёсць проста агульная мэта - зрынуць вось гэты дыктатарскі рэжым Асада, які шмат гадоў існуе, які займаўся там тэрорам у дачыненні да ўласнага насельніцтва і мае вельмі аддаленае стаўленне да мінімальных нават нейкіх дэмакратычных тэндэнцый. Калі і ці гэта адбудзецца, насамрэч, не выключана, што гэтыя групоўкі ўступяць тады ўжо ў нейкія баявыя сутыкненні адзін з адным, альбо магчыма, яны здолеюць пры пасярэдніцтве розных сіл - той жа Турцыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Савудаўскай Арабіі - дамовіцца аб фармаванні нейкага новага рэжыму, які будзе такім камбінаваным рэжымам, і паспрабаваць спыніць усе баявыя дзеянні на тэрыторыі шматпакутнай краіны, бо столькі гадоў жыць у сітуацыі такой унутранай, менавіта грамадзянскай вайны, якая значна больш жорсткая нават, чым вайна з нейкім вонкавым агрэсарам у некаторых параметрах - гэта, вядома, вельмі цяжка», - сказаў Рэйтэровіч.

Ён мяркуе, што цяпер для паўстанцаў задача мінімум - зрынуць рэжым Асада і пакараць усіх, хто мае дачыненне. На думку палітолага, Асад пры такім развіцці сітуацыі паспрабуе схавацца на тэрыторыі РФ.

«А далей гэта будзе працэс дастаткова складанага пасляваеннага ўрэгулявання, які з вялікай імавернасцю будзе таксама суправаджацца нейкімі яшчэ ўнутранымі канфліктамі. Але ў кожным выпадку, у краіны з'явіцца шанец увогуле выйсці з вось гэтага цыклу бясконцых войнаў і паспрабаваць сфармаваць нейкі рэжым, які будзе, па-першае, прызнаны іншымі краінамі, і атрымае падтрымку, у тым ліку эканамічную, ад гэтых краін. Ну, і скончыць увогуле вось гэтую вайну, якая працягваецца ўжо не адно дзесяцігоддзе», - сказаў Рэйтэровіч.

Апошнія навіны