У РФ арганізатара даркнэт-пляцоўкі Hydra, якая дзейнічала ў Беларусі, прысудзілі да максімальнага пакарання
- 2.12.2024, 19:06
Змоўшчыкам - ад 8 да 23 гадоў калоніі.
Маскоўскі абласны суд на падставе пастановы калегіі прысяжных вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да арганізатараў найбуйнейшага даркнэт-гіпермаркета ў продажы наркотыкаў Hydra, паведамляе пракуратура Маскоўскай вобласці.
Арганізатар злачыннай супольнасці Станіслаў Майсееў прысуджаны да пажыццёвага пазбаўлення волі са штрафам у суме 4 млн расейскіх рублёў (амаль 38 тысяч даляраў). Астатнія 15 удзельнікаў атрымалі ад 8 да 23 гадоў пазбаўлення волі са штрафамі на агульную суму 16 млн рублёў (амаль 151 тысяча даляраў).
З 2015-га да 2018 года злачынная супольнасць дзейнічала на тэрыторыі рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Наркотыкі яны збывалі бескантактным спосабам, праз тайнікі-закладкі, гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Дзеянні наркагандляроў пазначаныя як «добра заканспіраваная дзейнасць».
Падчас ператрусаў паводле справы супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі амаль тону наркотыкаў і псіхатропаў.
Нагадаем, у красавіку гэтага года паведамлялася, што ў падазраваных у Расеі і Беларусі, звязаных з даркнэт-платформай Hydra, канфіскавана звыш 3,8 мільёна даляраў і больш за 200 электронных носьбітаў інфармацыі.
Крымінальныя справы, звязаныя з незаконнай дзейнасцю даркнэт-пляцоўкі Hydra, у Расеі расследавалі з 2016 года. Пяць гадоў таму кіраўнік беларускага наркакантролю Казакевіч разважаў, што трэба адсякаць «галаву гэтай гідры ці спруту, а не кончыкі шчупальцаў».
Увесну 2022-га стала вядома, што праваахоўнікі ў Нямеччыне канфіскавалі сэрверы Hydra і біткоіны на суму, эквівалентную 23 млн еўраў. Тады ж Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла Hydra Market у свой санкцыйны спіс.
Паводле версіі следства, удзельнікі злачыннай супольнасці ўкладвалі крымінальныя даходы ў дарагія аўтамабілі, прадметы раскошы, жылую і камерцыйную нерухомасць. Была знойдзеная вялікая колькасць такіх аб'ектаў на тэрыторыі Масквы, Маскоўскай, Ленінградскай, Валагодскай абласцей і Краснадарскага краю Расеі.