BE RU EN

У Менску каля Камароўкі заўважылі дамашніх пацукоў

  • 2.12.2024, 20:00

На рынку гавораць, што пацукі не іхнія.

Менчукі заўважылі недалёка ад Камароўскага рынку цэлую зграю пацукоў.

Відэа ў TikTok сабрала больш за 200 тысячаў праглядаў і чатыры сотні каментароў. Першапачаткова ў роліку гаварылася, што пацукоў знайшлі проста ля Камароўкі, але на рынку гэта адмаўляюць.

Намеснік дырэктара рынку ў развіцці Іван Ткачук заявіў, што пацукоў знайшлі каля паркінгу, пішуць «Менск-Навіны».

«Да нас пацукі ніякага дачынення не маюць, відэа знятае на скрыжаванні вул. Кульман і Куйбышава, гэта адзін з кветнікаў побач з крытым паркінгам», – адзначыў Ткачук.

У каментарах людзі заўважылі, што пацукі на відэа, хутчэй за ўсё, дамашнія, іх нехта мог выкінуць на вуліцу. Дэкаратыўныя пацукі, у адрозненне ад дзікіх, могуць не прыстасавацца да вонкавых умоваў і загінуць.

Тое, што пацукі на відэа дамашнія, пацвердзіла супрацоўніца сталічнага заапарка Ірына Ворліс. З яе словаў, пацукоў выкінулі відавочна не пару дзён таму.

«На відэа выразна відаць, што гэта дамашнія пацукі, як мінімум з колеру – дзікія такіх афарбовак не бываюць. Ды хоць бы ўзяць лінію Дамба – тая самая беленькая з вялікімі вушкамі, што фігуруе ў сярэдзіне відэа. Як максімум – з паводзінаў: у нашай краіне дзікія пацукі так нахабна сябе не паводзяць. Яны даўно вывучылі, што з імі змагаюцца, і так відавочна на кантакт не пойдуць.

Адназначна, нейкі несумленны чалавек выкінуў дамашніх гадаванцаў. І відавочна не пару дзён таму, калі ўзяць да ўвагі, што мы бачым не толькі дарослых асобінаў, але і малых, якія вывеліся, верагодней за ўсё, у нары, якую жывёлы зладзілі ў каранях дрэваў. Маразы яны пераносяць дрэнна, і калі іх не адлавіць, то хутчэй за ўсё жывёлы загінуць», – мяркуе Ворліс.

Пры гэтым спецыялістка заклікае не замілоўвацца: паводле ейных словаў, дамашнія пацукі могуць быць больш небяспечныя, чым іхнія дзікія субраты, бо лепш ведаюць звычкі людзей і не баяцца іх. Да таго ж захворванні дамашнія пацукі пераносяць не горш.

Апошнія навіны