BE RU EN

Еўразвяз плануе выдаць Кіеву 30 млрд еўраў дадаткова

  • 20.12.2024, 14:55

Ужо ў 2025 годзе.

Еўрапейскі звяз абвясціў аб выдачы яшчэ 30 мільярдаў еўраў на дадатковую дапамогу Украіне ў 2025 годзе. Пра гэта ўвечары ў чацвер, 19 снежня, паведаміў новы старшыня Еўрапейскай рады Антонію Кошта пасля саміту ЕЗ, які прайшоў у Брусэлі, паведамляе агенцтва Reuters. У працы саміту ўзяў удзел і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша «Нямецкая хваля».

Двума днямі раней Reuters паведамляла са спасылкай на крыніцы, што ў гэтую суму ўключаныя блізу 18 млрд еўраў, якія былі атрыманыя ў якасці прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў, а яшчэ блізу 12,5 млрд еўраў будуць выдадзеныя дадаткова з Еўрапейскага фонду міру (ЕФМ). Новыя 30 млрд еўраў будуць выдадзеныя ў дадатак да 130 млрд еўраў, якія ЕЗ ужо даў Кіеву з пачатку расейскага ўварвання.

У сваю чаргу кіраўнік вугорскага МЗС Петэр Сіярта яшчэ раней заяўляў, што Вугоршчына ветаваў пастанову Еўразвязу аб выдачы Украіне 6,5 мільярда еўраў вайсковай дапамогі з ЕФМ. Акрамя таго, вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што Еўразвяз з 2025 года пачне пастаўляць Украіне па 1,5 мільярда еўраў на месяц.

Мінфін Украіны: У 2025 годзе Кіеву трэба ад Захаду 15 млрд даляраў

На фоне вайны з Расеяй Украіне спатрэбіцца ад Захаду ў 2025 годзе дадатковае фінансаванне на суму на 12-15 млрд даляраў. Такую заяву зрабіў міністр фінансаў Украіны Сяргей Марчанка ў інтэрв'ю онлайн-выданню РБК-Украіна ў канцы ліпеня, удакладніўшы, што такія прагнозы адпавядаюць абмеркаванням, якія вядуцца Кіевам з Міжнародным валютным фондам (МВФ).

«Цяпер мы ўвесь час абмяркоўваем з нашымі партнёрамі, што нам трэба дадатковая фінансавая падтрымка, бо вайна будзе працягвацца ў 2025 годзе і нам трэба мець буфер», - сказаў міністр. Пры гэтым Марчанка нагадаў, што пры падрыхтоўцы дзейнай праграмы з МВФ адзін з ключавых параметраў вызначаў, што актыўная фаза вайны будзе ісці да сярэдзіны 2024 года, але гэты прагноз не рэалізаваўся.

Ён дадаў, што і сама Украіна робіць уклад у пошук дадатковых сродкаў для кампенсацыі дэфіцыту бюджэту, падвышаючы падаткі. «Але мы таксама чакаем, што на 2025 год вы нам дасце дастатковыя фінансавыя гарантыі, каб мы маглі прафінансаваць бюджэт», - падкрэсліў кіраўнік украінскага Мінфіна.

Кошт расейскай агрэсіі для Украіны

Як паведамляла ў ліпені агенцтва dpa са спасылкай на звесткі Мінфіна Украіны, кожны дзень вядзення вайны з Расеяй каштуе краіне 120 млн еўраў. Выдаткі на сферу абароны і бяспекі, паводле гэтай інфармацыі, складаюць для Украіны штомесяц 3,7 млрд еўраў.

Апошнія навіны