Байцы УСУ, знаходзячыся ў аблозе, некалькі гадзін адстрэльваліся ў падбітым Bradley
- 20.12.2024, 15:04
Гэта дапамагло іншай групе захапіць патрэбныя будынкі і замацавацца.
Байцы 425-га асобнага штурмавога батальёна "Скала" на Пакроўскім кірунку патрапілі ў аблогу. Іх падбілі ў БМП Bradley. Байцам давялося адбіваць атакі з трох бакоў. Пра гэты бой расказаў наводчык Bradley 425-й АШБ "Скала" з пазыўным «Цёплы».
23-гадовы баец «Цёплы» родам з Крывога Рога, раней ён працаваў на мясцовым заводзе, а ў 2023 падпісаў кантракт з войскам. Ён - наводчык на БМП і мае на сваім рахунку дзясяткі баявых выхадаў.
Бой, пра які расказвае вайсковец, адбыўся на Пакроўскім кірунку падчас баёў за Наўгродаўскую шахту. Яго экіпаж атрымаў заданне ліквідаваць расейцаў, якія заселі ў некалькіх дамах і арганізавалі там пункт кіравання.
«Шахту аб'ехалі і заехалі ўглыб, трэба было па некалькіх дамах нанесці ўдары, усыпаць добра, каб прыкрыць дзецюкоў, калі яны выходзілі. Мы страцілі арыенцір і да таго ж знікла сувязь. Мы пачалі катацца сюды-туды. Хлопцы высадзіліся, і як толькі мы пачалі адкочвацца, прыляцела з РПГ у прыцэл, і ў мяне бачнасць знікла зусім», - распавядае «Цёплы».
Расейцы ў той жа час выклалі відэа, дзе па БМП трапляе «Ланцэт» і FPV-дрону, але тэхніка вытрымала. «Цёплы» з экіпажам працягнулі выконваць баявую задачу.
З-за пашкоджаннч Bradley «Цёплага» затрымалася, яго прыехала вызваляць іншая «скрыначка», але ў гэты час па іх пачала працаваць варожая артылерыя і скіды з дронаў. Нягледзячы на гэта экіпаж не пакідаў машыну, вёў бой і працягваў працаваць з гарматы, прыкрываючы штурмавікоў.
«Яны былі спераду, справа, злева яны ўвесь час лезлі. Вежа ўвесь час круцілася. Я адстрэльваўся, каб яны не падышлі. Так працягвалася 3 гадзіны», - распавёў вайсковец.
Байцам-штурмавікам удалося захапіць патрэбныя будынкі і там замацавацца. БМП да раніцы спрабаваў выехаць, але яму не ўдалося. Па тэхніцы зноў расейцы працавалі з дронаў.
«Апошні ўдар быў «кумулятывам» магчыма. Усё ўнутры пачало гарэць, мы пачалі тушыць вогнетушыцелем. Далей пачалі гарэць бакі, дзе ў нас набоі. Я кажу кіроўцу, што трэба ўцякаць, бо зараз усё здэтануе. Дзверы адчынілі - і па маршруце, якім мы прыехалі, так і выйшлі», - расказаў «Цёплы».