Еўракамісія прапанавала прыпыніць бязвізавы рэжым для чыноўнікаў з Грузіі
- 20.12.2024, 16:58
Гэтая прапанова з'яўляецца адказам на жорсткія рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў.
Еўракамісія афіцыйна прадставіла прапанову аб прыпыненні бязвізавага рэжыму для грузінскіх чыноўнікаў.
Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», паведамілі ў прэс-службе Еўракамісіі.
«Сёння Еўрапейская камісія прапануе прыпыніць дзеянне часткі Пагаднення паміж ЕЗ і Грузіяй аб спрашчэнні выдачы віз», – гаворыцца ў паведамленні.
Калі Рада ЕЗ прыме гэтую прапанову, грузінскія дыпламаты, чыноўнікі і іх сямейнікі, якія маюць дыпламатычныя і службовыя пашпарты, павінны будуць атрымліваць візы для кароткатэрміновых паездак у ЕЗ тэрмінам да 90 дзён цягам кожнага 180-дзённага перыяду.
Спрашчэнне візавага рэжыму, такія як скарачэнне тэрмінаў падачы заявак, зніжэнне візавых збораў і патрабаванні па прадстаўленні меншай колькасці пацвярджальных дакументаў, таксама больш не будуць ужывацца да грузінскіх уладальнікаў дыпламатычных і афіцыйных пашпартоў.
«Мы будзем працягваць падтрымліваць грузінскі народ на ягоным шляху ў ЕЗ. Санкцыі супраць Грузіі таксама на стале, і мы працягнем абмяркоўваць дадатковыя захады», - заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас.
У Еўракамісіі адзначылі, што пастанова не зробіць негатыўнага ўплыву на кантакты паміж людзьмі, бо грамадзяне Грузіі, якія з'яўляюцца ўладальнікамі звычайных пашпартоў, будуць працягваць карыстацца вызваленнем ад візавага рэжыму падчас кароткатэрміновых паездак у ЕЗ.
Гэтая прапанова з'яўляецца адказам на жорсткія рэпрэсіі грузінскіх уладаў супраць мірных пратэстоўцаў, палітыкаў і незалежных СМІ, якія пачаліся пасля таго, як 28 лістапада ўлады абвясцілі, што больш не будуць імкнуцца да адкрыцця перамоў з ЕЗ да канца 2028 года.
Раней стала вядома, што ў Еўразвязе рыхтуюць візавыя санкцыі супраць уладальнікаў грузінскіх дыпламатычных пашпартоў у адказ на гвалт супраць дэманстрантаў, апазіцыянераў і актывістаў.