Міністр абароны Вялікай Брытаніі: Падзенне рэжыму Асада стала стратэгічнай паразай Крамля
- 20.12.2024, 18:19
Гэта моцны сігнал для іншых хаўруснікаў Расеі.
Заняпад рэжыму дыктатара Башара Асада ў Сірыі - галоўным чынам стратэгічнае паражэнне расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. Масква не здолела і не пажадала стаць на абарону рэжыму, які мелася падтрымаць.
Гэта моцны сігнал для іншых хаўруснікаў Крамля. Аб гэтым заявіў міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі падчас візіту ва Украіну, паведамляе The Times.
Вывад расейскіх войскаў з Сірыі павінен стаць папярэджаннем патэнцыйным хаўруснікам Крамля, мяркуе кіраўнік брытанскага абароннага ведамства. З яго слоў, РФ усё яшчэ «трымаецца» за свае дзве базы ў Сірыі, пачаўшы адыходзіць пасля таго, як паўстанцы прыйшлі да ўлады.
Ён перасцярог хаўруснікаў Пуціна не давяраць расейскаму дыктатару як надзейнаму партнёру ў сферы бяспекі.
«Гэтая значная стратэгічная параза для Расеі. Гэта моцны сігнал для кожнай краіны, якая можа задумацца аб тым, каб разглядаць Расею як хаўрусніка ці гаранта сваёй бяспекі. Гэта паказвае, што калі ёсць ціск на Расею, яна адступае», - сказаў міністр.
З яго слоў, цяпер ёсць «магчымасць новай будучыні для Сірыі за межамі жорсткага, крывавага рэжыму Асада» і што трэба правесці дыялог з «Хаят Тахрыр аш-Шам», каб даведацца, як Брытанія можа дапамагчы рэалізаваць іх абяцанні.
Ён заявіў, што Брытанія імкнецца дапамагчы забяспечыць стабільны пераход у Сірыі і ўбачыць, як новая ўлада выконвае свае абяцанні ў забеспячэнні будучыні краіны.