На поўдні Расеі спыніўся найбуйнейшы НПЗ
- 20.12.2024, 21:15
Пасля ўдару ўкраінскіх дронаў.
Новашахцінскі завод перапрацоўкі нафтапрадуктаў (ЗПН), найбуйнейшы на поўдні Расеі, спыніў абедзве ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Адзіны завод у Растоўскай вобласці магутнасцю 5,6 млн тонаў нафты за год у ноч на 19 снежня зазнаў напад украінскіх беспілотнікаў, у выніку чаго на прадпрыемстве ўзнік буйны пажар, піша The Moscow Times.
Пад удар трапіла ўстаноўка АВТ-2,5-2 прадукцыйнасцю 7,14 тысячы тонаў за суткі, на якую прыпадае 50% магутнасці завода. У выніку яе давялося аварыйна адключыць, расказала крыніца Reuters. Таксама, паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, адбылося загаранне нафтапрадуктовага рэзервуара, і была спыненая другая ўстаноўка першаснай перапрацоўкі аналагічнай магутнасці – 7,14 тысячы тонаў у суткі.
Запушчаны ў 2009 годзе і першы буйны НПЗ, пабудаваны ў Расеі з нуля за апошнія 30 гадоў, Новашахцінскі завод спыніў вытворчасць трэці раз з пачатку года. Упершыню ён зазнаў напад дронаў у сакавіку, потым у чэрвені. У выніку аб'ёмы выпуску на НПЗ рэзка знізіліся: за студзень – кастрычнік ён перапрацаваў 2,7 млн тонаў нафты супраць 4,8 млн тонаў за мінулы год.
У агульнай колькасці, за студзень – снежань расейскія НПЗ страцілі 41,1 млн тонаў, або 13% магутнасцяў праз прастоі, выкліканыя атакамі БПЛА і цяжкасцямі з рамонтам праз заходнія санкцыі на пастаўкі ў Расею тэхналогій. Аб'ёмы прастояў на 14%, або 5,2 млн тонаў перавысілі леташнія, падлічыў Reuters.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, за студзень – травень расейскія НПЗ скарацілі выпуск бензіну амаль на 20%, а дызельнага паліва – на 11%, пасля чаго ўлады прынялі пастанову засакрэціць статыстыку. У канцы траўня Мінэнэрга перастала падаваць у Расстат аператыўныя звесткі пра вытворчасць бензіну, спасылаючыся на «геапалітычную сітуацыю» і пагрозу «маніпулявання рынкам», а ў канцы жніўня закрыла звесткі пра дызельнае паліва.