Раскрытыя дэталі біяграфіі кіроўцы, які ўчыніў тэракт на калядным кірмашы ў Магдэбургу
- 21.12.2024, 14:48
50-гадовы лекар з Саудаўскай Аравіі затрыманы.
У суботу, 21 снежня, у Магдэбургу, Нямеччына, затрымалі 50-гадовага лекара з Саудаўскай Аравіі, які падазраецца ва ўездзе ў натоўп на калядным кірмашы.
Пра гэта паведамляе ZDF.
Адзначаецца, што мужчына жыве і працуе ў Бернбургу. Міністарка ўнутраных справаў зямлі Тамара Зісханг таксама паведаміла, што ён меў від на сталае жыхарства.
Паводле папярэдніх звестак, ён не быў вядомы як ісламіст і прыехаў у Нямеччыну ў 2006 годзе ў рамках свайго спецыялізаванага медыцынскага навучання.
Паводле словаў юрыдычнай эксперткі ZDF Сары Таке, падазраваны ў здзяйсненні злачынства з'яўляецца «нетыповым злачынцам». Ён старэйшы і пражыў у Нямеччыне амаль 20 гадоў.
Пры гэтым адзначаецца, што мужчына ніколі раней не ўчыняў падобных злачынстваў у Нямеччыне.
«Уражвае таксама той факт, што меркаваны злачынец атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, таму што ён адвярнуўся ад ісламу, таму што ён сказаў уладам, што ён атэіст і што ён баіцца пераследу ў Саудаўскай Аравіі», – заявіла яна.
Акрамя таго, падазраваны выступаў як актывіст супраць ісламізму ў Нямеччыне і Еўропе, а ў сваіх сацыяльных сетках і публічных інтэрв'ю ён выразна заклікае «сцерагчыся ісламізацыі ў Нямеччыне».
Пакуль не зразумела, што прымусіла яго здзейсніць злачынства.
Карэспандэнт ZDF таксама заявіў, што падазраваны выказваўся ў падтрымку жанчынаў, якія ўцяклі з Саудаўскай Аравіі і гаварыў пра сябе, што з'яўляецца «самым вялікім крытыкам ісламу».
Паводле словаў журналіста, ён таксама пісаў у сацыяльных сетках, што «нямецкая дзяржава прасякнутая ісламістамі і робіць недастаткова для барацьбы з ісламам».