Дроны атакавалі Арлоўскую вобласць РФ: гарыць нафтабаза
- 22.12.2024, 8:34
Уначы над Арлом было чуваць блізу 10-12 выбухаў.
У ноч на 22 снежня невядомыя дроны атакавалі Арлоўскую вобласць РФ. У выніку атакі на нафтабазе ў рэгіёне ўзнік пажар.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскія Telegram-каналы.
Са слоў мясцовых жыхароў, уначы над Арлом было чуваць блізу 10-12 выбухаў. Яны таксама паведамлялі, што назіралі яскравыя ўспышкі на ўскраіне горада. Пазней у сетцы пачалі распаўсюджваць кадры пажару, на якіх, як сцвярджаецца, пажар на НПЗ.
Праз невялікі прамежак часу губернатар Арлоўскай вобласці Андрэй Клычкоў пацвердзіў, што Арлоўская вобласць зазнала напады дронаў. Ён дадаў, што ў выніку нападу на аб'екце паліўнай інфраструктуры ў пасёлку Сталёвым Кані Арлоўскай муніцыпальнай акругі ўзнікла ўзгаранне.
«Прашу захоўваць спакой, атака ўсё яшчэ працягваецца. Цяпер інфармацыі аб ахвярах і пацярпелых няма, на месцы здарэння ўжо працуюць аператыўныя службы, ужываюцца захады для ліквідацыі наступстваў узгарання», - дадаў Клычкоў.