BE RU EN

Прэм'ер Славакіі Фіцо сустрэўся ў Маскве з Пуціным

  • 22.12.2024, 20:05

У Крамлі афіцыйна не анансавалі візіт.

Прэм'ер-міністр Славакіі Робэрт Фіцо прыляцеў у Маскву і сустрэўся ў Крамлі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведаміў увечары ў нядзелю прапагандыст УДТРК Павал Зарубін, які ўваходзіць у крамлёўскі пул. Ён таксама апублікаваў дзевяцісекунднае відэа сустрэчы Пуціна і Фіцо.

Раней славацкі прэм'ер заяўляў, што можа найбліжэйшым часам наведаць Маскву, каб абмеркаваць пастаўкі расейскага газу ў Славакію ў сувязі з тым, што Украіна мае намер 1 студзеня спыніць яго транзіт. У Крамлі афіцыйна не анансавалі візіт.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, аднак, сказаў Зарубіну, што ён быў запланаваны некалькі дзён таму. Ён пры гэтым не змог адказаць, што канкрэтна будуць абмяркоўваць Пуцін і Фіцо, адзначыўшы, што "з лёгкасцю можна меркаваць", што гаворка пойдзе ў тым ліку пра газ. Паводле слоў Пяскова, сустрэча праходзіць у фармаце "сам-насам".

Гэта першы прыезд славацкага лідара ў Маскву пасля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну. Пасля лютага 2022 года заходнія палітыкі, тым больш кіраўнікі краін, наведваюць Расею вельмі рэдка. У Маскве ў апошнія тры гады бывалі толькі канцлер нейтральнай Аўстрыі і палітычны саюзнік Фіцо, прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.

Апошнія навіны