ISW расказаў аб тэрмінах вываду Расеяй войскаў з Сірыі
- 24.12.2024, 9:51
Расейцы застаюцца толькі на двух аб'ектах.
Расейскія войскі цалкам пакінулі большасць месцаў дыслакацыі ў Сірыі, але ўсё яшчэ застаюцца на авіябазе Хмеймім і ў порце Тартус. Масква плануе поўнасцю вывесці свае войскі да лютага 2025 года.
Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Галоўная ўправа вайсковай разведкі Мінабароны Украіны 23 снежня заявіла, што расейцы закончылі вывад падраздзяленняў з усіх пазіцый ва ўнутраных раёнах Сірыі і зараз прысутнічаюць толькі на авіябазе Хмеймім і ў порце Тартус.
Са звестак ISW, апошні раз расейскія войскі былі заўважаныя на вайсковай базе Камышлы ў правінцыі Хасеке 18 снежня. У Інстытуце мяркуюць, што праз некалькі дзён пасля гэтага расейскія падраздзяленні цалкам эвакуаваліся з гэтай базы.
«Расея ўсё яшчэ захоўвае прысутнасць у прыбярэжнай Сірыі на авіябазе Хмеймім і ў порце Тартус. Аднак візуальныя доказы і паведамленні з боку Сірыі працягваюць указваць на тое, што расейскія войскі рыхтуюцца альбо да значнага скарачэння колькасці, альбо да поўнага вываду з прыбярэжных раёнаў краіны», - адзначаюць у Інстытуце.
У ISW таксама спаслаліся на звесткі ўкраінскай выведкі, паводле якіх 23 снежня расейскае грузавое судна, якое зламалася ў Міжземным моры, накіроўвалася ў Сірыю для эвакуацыі расейскага абсталявання і ўзбраення з Тартуса.
Акрамя таго, у ГУВ Мінабароны Украіны паведамілі, што Расея і «новыя (сірыйскія) улады», магчыма, маючы на ўвазе часовы ўрад на чале з групоўкай «Хаят Тахрыр аш-Шам», працягнулі перамовы і абмеркавалі магчымыя патрабаванні сірыйскага боку, каб Расея пакінула Хмеймім і Тартус не пазней за 20 лютага 2025 года.