Калядная ялінка ў Кракаве названая самай прыгожай у свеце
- 24.12.2024, 12:46
Усяго ў рэйтынг увайшлі 11 ялінак.
Калядная ялінка на галоўнай плошчы Кракава заняла першае месца ў рэйтынгу самых прыгожых ялінак свету паводле версіі брытанскага партала timeout. Усяго ў рэйтынг увайшлі 11 ялінак.
У гэтым годзе ў Кракаве галоўнай тэмай калядных упрыгажэнняў паводле традыцыі сталі матывы з вавельскіх габеленаў эпохі Адраджэння. Гэтая калекцыя, створаная на замову караля Жыгімонта II Аўгуста, гэта найбуйнейшая калекцыю такога кшталту ў Еўропе. У розных частках горада можна ўбачыць аленяў, вярблюдаў, жырафаў і райскіх птушак.
Аўтары рэйтынгу назвалі кракаўскую ялінку "вянком" гэтага падыходу да ўпрыгожвання горада. На ёй вісяць 26 тысяч энэргазберагальных лямпачак, штучныя ледзяшы і больш за тысячу бліскучых ялінкавых шароў з вавельскім арнаментам.
Другое месца ў рэйтынгу заняла самая вялікая калядная ялінка ў свеце. Яна размешчаная ў горадзе Губіё ў цэнтральнай Італіі. Яліка - гіганцкая светлавая інсталяцыя, размешчаная на схіле ўзгорка Монтэ-Інгіна.
Трэцяе месца дасталася ялінцы, размешчанай у Нью-Ёрку.
Спіс самых прыгожых ялінак свету:
- Кракаў, Польшча
- Губіё, Італія
- Ракфелер-цэнтр, Нью-Ёрк
- Вільня, Літва
- Лагуна Радрыга дэ Фрэйтас, Рыа-дэ-Жанейра
- Капіталійскі ўзгорак, Вашынгтон, акруга Калумбія
- Сокала, Мехіка
- Пуэрта дэль Соль, Мадрыд
- Страсбург, Францыя
- Трафальгарская плошча, Лондан
- Чырвоная плошча, Масква.