BE RU EN

«Я такога ўвогуле ніколі не бачыла»

  • 24.12.2024, 14:34

Беларусы падзяліліся лайфхакамі для тых, хто ўжо доўгі час стаіць на мяжы.

Напярэдадні святаў на польска-беларускай мяжы назбіраліся чэргі з аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў. У сацыяльных сетках беларусы расказваюць, як суткамі стаяць на мяжы. Каментатары дзеляцца парадамі, як бавіць час перад мытным кантролем, піша hrodna.life.

Пра тое, што на польска-беларускай мяжы ўтвараюцца чэргі, беларусы сталі паведамляць з 21 снежня. У чатах пісалі пра доўгае чаканне праходжання мяжы, праблемы з арганізацыяй чаргі і нястачу інфраструктуры.

Адны праходзяць мяжу за 11 гадзінаў, іншыя – за 35

Удзельнікі Telegram-чата «Мяжа BY Беларусь-ЕЗ» дзеляцца справаздачамі аб праходжанні польска-беларускай мяжы. Так Станіслаў прастаяў у чарзе з аўтамабіляў 50 гадзінаў. У Яўгена пайшло 30 гадзінаў – у чаргу ён стаў 23 снежня.

Карыстальнік пад нікам A. Ram ехаў аўтобусам 24 снежня – праходжанне мяжы ў яго заняло 11 гадзінаў. Акрамя таго, беларус паведаміў, што ўсіх пасажыраў з украінскімі пашпартамі выклікалі на допыт, што таксама затармазіла мытны кантроль. Vozhiksw правёў у аўтобусе 35 гадзінаў, перш чым перасек мяжу. З Польшчы беларус выехаў 22 снежня, у Берасце патрапіў 24 снежня.

Беларусы раяць ісці да шлагбаўмаў і падсаджвацца ў аўто

На TikTok-старонцы беларускай фірмы Vashavisa апублікавалі ролік беларускі, якая ў ноч на 23 снежня захраснула на польска-беларускай мяжы.

«Раніца не асабліва добрая, я такога ўвогуле ніколі не бачыла. Мы ўчора ноччу прыехалі на мяжу – 119-ы быў наш аўтобус. За ноч амаль нічога не змянілася, аўтобусы стаяць проста ў абодва бакі», – паведамляе дзяўчына.

У каментарах беларусы даюць лайфхакі для тых, хто ўжо доўгі час стаіць на мяжы.

«З досведу мінулага года – пераходзьце ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да мытні. З тых аўтобусаў людзі таксама пераселі. Так шмат хто робіць. Асабліва тыя, у каго перасадкі», – піша Ірына.

«Невялікая парада – на ноч можна пайсці ў гатэль за 70 злотых у Тэрэспалі (дзесьці 2 км ад мяжы). Там сама ёсць крамы», – расказвае yavi.

«Ідзіце пад шлагбаўм і пытайцеся вольныя месцы ў найбліжэйшых аўтобусах або аўто», – адзначае TaCH.

У памежнай кавярні платныя прыбіральні, а ў Тэрэспалі – крамы і касцёл.

Беларуска прыслухалася да парадаў некаторых каментатараў і скіравалася ў цэнтр Тэрэспаля. Там дзяўчына знайшла касцёл, шаўрмічную і сеткавую краму Zabka.

«Усім, хто стаіць на мяжы, я раіла б прайсціся ў Тэрэспаль, а не ісці да шлагбаўма ў гэтыя дзве няшчасныя кавярні з платнымі прыбіральнямі і вялізнымі чэргамі», – рэзюмуе беларуска.

Апошнія навіны