У Белавежскай пушчы ў снежні пачалі касіць балота
- 24.12.2024, 14:58
У нацыянальным парку расказалі, навошта гэта трэба.
У Белавежскай пушчы косяць балотныя ўчасткі для захавання вяртлявай чарацянкі — самай рэдкай спеўнай птушкі Еўропы. Пра гэта паведамляецца на сайце нацыянальнага парка.
Птушка жыве на балоце "Дзікае", аднак у апошнія гады яе колькасць імкліва зніжаецца з-за зарастання балота кустамі і дрэвамі, якому спрыяў засушлівы 2015 год. З таго моманту балота пачало зарастаць хутчэй, і птушкі апынуліся пад пагрозай знікнення, як і многія іншыя рэдкія віды раслін і жывёл.
Для захавання асяроддзя пражывання вяртлявай чарацянкі ў пушчы з восені пачалі выкошваць гэтую расліннасць у балоце, каб падтрымаць яго ў адкрытым, бязлесным стане. Выкасіць трэба балотныя пляцы на плошчы больш за 1000 гектараў на працягу 10 гадоў.
На гэты момант ужо скасілі кусты і дрэвы на плошчы 47 гектараў, хаця планавалі 35. Паскорыць работы дапамагла сухая восень. Касіць можна толькі з верасня да сакавіка, каб не нашкодзіць птушкам у перыяд гнездавання. Узімку дазволена здрабняць хмызняк, але працам могуць перашкодзіць дажджы або высокае снежнае покрыва, бо тэхніка працуе на балоце.
Адзначаецца, што працэс касьбы дапамагае не толькі захаваць папуляцыю вяртлявай чарацянкі, але і аднаўляе экасістэму балота, робячы яго прыдатным для жыцця рэдкіх відаў.