15 дзіўных фактаў пра Каляды, пра якія мала хто ведае
- 24.12.2024, 17:47
Традыцыі свята захоўваюць яшчэ шмат таямніцаў.
Безумоўна, Каляды з'яўляюцца самым вялікім, самым святкаваным і самым дэкараваным святам у свеце.
Дамы, вуліцы і гарадскія плошчы ўпрыгожваюцца агеньчыкамі, каляднымі ялінкамі і рознымі персанажамі, такімі як Іосіф, Марыя, мудрацы і пастухі.
У крамах і на радыё граюць калядныя мелодыі. Усюды адчуваецца святочны настрой. Але больш за ўсіх, вядома, свята Раства чакаюць дзеці для таго, каб адкрыць свае падарункі, якія ім пад ялінку паклалі бацькі.
Са святам Раства звязана вельмі шмат добрых традыцый. Некаторыя з іх вядомыя, а некаторыя – не вельмі, піша блогер Раман Савачка.
1
Ангельскае слова Christmas з'яўляецца злучэннем двух словаў: Christ, што азначае Месія, і mass, што азначае эўхарыстыя ці вячэра Гасподняя.
2
Насуперак усеагульнай памылцы, слова Xmas не ёсць нешта новае і не з'яўляецца спробай выцесніць слова Хрыстос з Раства. Літара X узятая з грэцкага алфавіта, на яе пачынаецца імя Хрыстос.
3
Ва ўсім цывілізаваным свеце Каляды святкуюць 25 снежня, толькі некаторыя краіны, якія знаходзяцца пад праваслаўным уплывам, прадаўжаюць святкаваць Каляды паводле так званага старога стылю – 7 студзеня. Уся гэтая мітусня праз тое, што праваслаўная царква выкарыстоўвае даўно састарэлы Юльянскі каляндар, уведзены Юліем Цэзарам. Еўропа адмовілася ад Юльянскага календара праз ягоную хібнасць больш за 500 гадоў таму, і ў 1582 годзе перайшла на больш дакладны грыгарыянскі каляндар. Паводле Юльянскага календара Каляды выпадаюць на 7 студзеня, а Новы год – 14.
Напрыклад, ва Украіне можна назіраць такі парадокс: людзі святкуюць Каляды (калі нарадзіўся Ісус) паводле састарэлага Юльянскага календара, а Новы год (калі Ісусу далі імя) – паводле сучаснага Грыгарыянскага. Парадокс заключаецца ў тым, што Новы год атрымаўся перад Калядамі.
4
Нядаўна Вярхоўная Рада Украіны прыняла пастанову зрабіць 25 снежня выходным днём. Гэта вялізны крок да таго, каб аднавіць гістарычную справядлівасць і, нарэшце, пачаць святкаваць Каляды ў адзін дзень з Еўропай і Амерыкай. Для найхутчэйшага перабудоўвання людзей я прапаную зрабіць 7 студзеня працоўным днём :)
5
Дата святкавання Раства – 25 снежня – выбраная не выпадкова. Айцы царквы меркавалі, што Хрыстос, паводле прароцтваў, нарадзіўся падчас зімовага сонцастаяння, у самы кароткі дзень на зямлі. Святы Аўгусцін піша, што нараджэнне Хрыста сімвалізуе ўзыходжанне сонца, апісанае ў Малахіі 4:2.
6
Самая папулярная ў свеце калядная мелодыя Carol of the Bells была напісаная ў 1901 годзе украінскім настаўнікам музыкі Міколам Леантовічам.
7
Слова Noël, часта выкарыстоўванае ў ангельскай мове ў калядных песнях, на французскай азначае Каляды.
8
Традыцыя дарыць дзецям падарункі на Каляды паходзіць ад біблейскай гісторыі, у якой мудрацы з усходу прынеслі дары нованароджанаму Езусу.
9
Насуперак усеагульнай памылцы, у Бібліі не напісана, што мудрацоў было трое :)
10
У некаторых еўрапейскіх краінах, такіх як Грэцыя, Італія, Гішпанія і Нямеччына, падарункі на Каляды атрымліваюць не толькі дзеці... Дзяржавай гарантаваны ўсім працоўным калядны бонус, роўны месячнаму заробку!
11
Традыцыя ставіць і ўпрыгожваць ялінку на Каляды з'явілася ў Нямеччыне падчас пратэстанцкай рэфармацыі. Паводле некаторых звестак, менавіта Марцін Лютар быў першым чалавекам, які паставіў вечназялёнае дрэва ў сябе дома, упрыгожыўшы яго садавіной і свечкамі.
12
Сучасны чырвоны гарнітур Санты Клаўса быў прыдуманы ў трыццатыя гады 20-га стагоддзя кампаніяй Coca-Cola.
13
Санта Клаўс названы ў гонар прапаведніка 4-га стагоддзя Святога Мікалая. Нарадзіўшыся ў багатай сям'і, Мікалай, пасля пакаяння, раздаў усю сваю маёмасць бедным і стаў прапаведнікам Евангелля.
14
Дзед Мароз і Снягурка – гэта чыста савецкія персанажы, якія не маюць нічога агульнага з Калядамі. Яны былі прыдуманыя падчас кіравання Сталіна, калі савецкая ўлада забараніла святкаваць Каляды і прапанавала людзям новае грандыёзнае свята – Новы год. Санта Клаўс (святы Мікалай) не ўпісваўся ў камуністычную ідэалогію, таму быў прыдуманы яго клон – Дзед Мароз.
15
Пасля рэвалюцыі 1917 года Каляды ў Савецкім Саюзе знаходзіліся пад поўнай забаронай, а таксама гэты дзень быў працоўным. Для таго каб адсвяткаваць Каляды ў той час, евангельскія хрысціяне праводзілі служэнне а 6-й гадзіне раніцы, каб паспець схадзіць у царкву яшчэ да працы. У многіх пратэстанцкіх цэрквах заходняй Украіны гэтая традыцыя захавалася да гэтага часу.