BE RU EN

У Амстэрдаме чатыры чалавекі атрымалі тэрміны за напад на ізраільцянаў

  • 24.12.2024, 19:18

Яшчэ шэсць іншых падазраваных павінны паўстаць перад судом пазней.

Суд Амстэрдама асудзіў да розных турэмных тэрмінаў чатырох чалавек за напад на фанатаў тэль-авівскага «Макабі» пасля матчу Лігі Еўропы з «Аяксам». Пра гэта паведамляе RMC Sport.

Яны былі прызнаныя вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, пачынаючы ад збіцця фанатаў «Макабі» на вуліцы і заканчваючы падбухторваннем да гвалту ў чатах.

Самы доўгі тэрмін атрымаў 32-гадовы Сэфа А. (шэсць месяцаў турмы), які збіваў ізраільскіх фанатаў, у тым ліку тых, хто ўжо ляжаў на зямлі. Восем месяцаў умоўна, тры месяцы турмы дасталіся 24-гадоваму Умуткану А., які ў тым ліку быў ідэнтыфікаваны як аўтар паведамлення ў сацсетках з заклікамі пачаць «паляванне на габрэяў». Усяго 24 снежня прысуды былі вынесеныя пяці фанатам, адзін з іх, няпоўнагадовы, атрымаў 100 гадзінаў грамадскіх працаў.

Яшчэ шэсць іншых падазраваных павінны паўстаць перад судом пазней. Трое з іх – няпоўнагадовыя, і слуханні з іх удзелам пройдуць за зачыненымі дзвярыма.

Матч адбыўся 7 лістапада і закончыўся перамогай «Аякса» з лікам 5:0. Пасля гульні дзясяткі ізраільскіх заўзятараў зазналі напад у Амстэрдаме. У сацсетках з'явіліся відэа нападу на фанатаў з боку дзясяткаў людзей, у тым ліку ў масках і з палестынскімі сцягамі.

Сама меней дзесяць ізраільцянаў пацярпелі ў выніку нападаў. Блізу 50 чалавек былі затрыманыя паліцыяй. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху нават назваў напад на фанатаў у Амстэрдаме паўтарэннем Крыштальнай ночы.

Апошнія навіны