У Эстоніі абвясцілі калядны мір
- 25.12.2024, 13:19
Традыцыя сыходзіць каранямі ў XVII стагоддзе.
У аўторак, 24 снежня, апоўдні старшыня Талінскага гарадскога сходу Тоомас Круўзімягі абвясціў калядны мір, паводле традыцыі зачытаўшы гістарычнае пасланне народу з акна Ратушы.
Традыцыя сыходзіць каранямі ў XVII стагоддзе і адносіцца да часоў, калі Эстонія, Фінляндыя і Швэцыя ўваходзілі ў склад адзінай дзяржавы, нагадалі радыёнавіны ERR.
Пачатак традыцыі быў пакладзены ў перыяд кіравання швэдскай каралевы Крысціны. Калядны мір абвяшчаў гарадскі галава або сакратар магістрата, дзе знаходзіўся біскупскі сабор. Абвяшчэнне адбывалася з гаўбца аднаго з цывільных будынкаў апоўдні напярэдадні Раства.
Калядны мір у аўторак апоўдні быў абвешчаны і ў Тарту. У цырымоніі, якая адбылася на Ратушнай плошчы, удзельнічалі мэр горада Урмас Клаас і біскуп Паўднёвага рэгіёну Эстонскай евангеліцка-лютэранскай царквы Ёэль Лухаметс.
Абвясцілі калядны мір і ў Іда-Вірумаа.