BE RU EN

Легендарны беларускі футбаліст Сяргей Алейнікаў знайшоў працу ў Балгарыі

  • 25.12.2024, 21:48

Ён стаў спартыўным дырэктарам "Лакаматыва".

Легендарны беларускі футбаліст Сяргей Алейнікаў прызначаны спартовым дырэктарам “Лакаматыва” (Плоўдзіў, Балгарыя, Д1). Пра гэта паведамляе прэс-служба балгарскага клуба.

Плануецца, што ў пачатку 2025 года адбудзецца спецыяльная прэс-канферэнцыя, на якой будуць афіцыйна прадстаўлены новы галоўны трэнер клуба Душан Кошыч і 63-гадовы беларускі спецыяліст.

Сяргей Алейнікаў станавіўся віцэ-чэмпіёнам Еўропы ў складзе каманды СССР у 1988 годзе, удзельнічаў у двух чэмпіянатах свету ў 1986 і 1990 гадах. Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага "Дынама". Экс-гулец італьянскіх "Лечэ" і турынскага "Ювентуса", з якім станавіўся ўладальнікам Кубка УЕФА і Кубка Італіі. Знакаміты паўабаронца прызнаваўся футбалістам года ў Беларусі ў 1984, 1986 і 1988 гадах.

У ролі трэнера Алейнікаў працаваў у Расіі, Літве і Італіі, дзе працаваў у клубных акадэміях "Лечэ" і "Ювентуса", а таксама шэрагу каманд з мінорных ліг. Акрамя таго, беларус працаваў інструктарам ФІФА - удзельнічаў у падрыхтоўцы маладых трэнераў.

Адзначым, што ў складзе балгарскага клуба выступае 25-гадовы беларускі паўабаронца Уладзімір Мядзведзь.

Пасля 19 тураў чэмпіянату Балгарыі клуб з Плоўдзіва размяшчаецца на 13-м месцы ў турнірнай табліцы, набраўшы 14 балаў. Лідзіруе ў турніры нядаўні суперніка менскага "Дынама" — "Лудагарэц", у актыве якога 53 балы.

У 2020 годзе Алейнікаў падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ён тады заявіў:

“Відавочна, што ў Беларусі да народа ставяцца грэбліва. Улады ні на што не зважаюць, робяць, што жадаюць. Груба кажучы, беларусаў ні ў што не ставяць. І такі працэнт за дзейнага прэзідэнта не здзівіў, а, як ужо сказаў, выклікаў абурэнне і адзінае пытанне: колькі наогул гэта можа працягвацца?”

Апошнія навіны