Кірбі: Салдаты КНДР нясуць масавыя страты на фронце
- 27.12.2024, 21:03
Да паўночнакарэйскіх салдатаў РФ ставіцца як да аднаразовага матэрыялу.
Паўночнакарэйскія войскі нясуць масавыя страты на вайне Расеі супраць Украіны. Толькі за апошні тыдзень у Курскай вобласці Расеі загінулі або атрымалі раненні тысячы салдатаў КНДР.
Пра гэта заявіў прадстаўнік Белага дому Джон Кірбі падчас брыфінгу ў пятніцу, 27 снежня, паведамляе Reuters.
Ён таксама падкрэсліў, што расейскія і паўночнакарэйскія ваенныя лідары ставяцца да такіх салдатаў як да аднаразовага матэрыялу.
«Відавочна, што расейскія і паўночнакарэйскія ваенныя лідары ставяцца да гэтых войскаў як да аднаразовага матэрыялу і аддаюць ім загады аб безнадзейных атаках на ўкраінскую абарону», – сказаў Кірбі.
Кірбі сказаў, што прэзідэнт Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, ухваліць яшчэ адзін пакет дапамогі ў сферы бяспекі для Украіны ў найбліжэйшыя дні.