Раман Світан: Расею выціснуць з Беларусі
- 28.12.2024, 14:15
РФ паўтарае шлях СССР
Вайна ва Украіне скончыцца праз тры гады, Расею выціснуць з Беларусі ды іншых сфераў уплыву, а сама РФ паўторыць шлях СССР. Такі прагноз сайту Charter97.org даў палкоўнік запасу УСУ, ваенны эксперт Раман Світан:
– Па-першае, ваенныя дзеянні не скончацца да таго часу, пакуль РФ не распадзецца, як у свой час распаўся СССР. Прыкметныя пэўныя гістарычныя паралелі. СССР складаўся з паўтара дзясятка дзяржаваў, на якія ён распаўся. Расея складаецца з 21-й рэспублікі. СССР ваяваў з Афганістанам 10 гадоў, РФ ваюе з Украінай з 2014-га.
Эканамічныя перадумовы да развалу СССР былі закладзеныя якраз санкцыйнымі механізмамі за вайну ў Афганістане. На Расею накладзеныя санкцыі за вайну ва Украіне. Гэта адно геапалітычнае поле. Ужо відаць некаторыя механізмы развалу Расеі. Пуцін будзе спрабаваць утрымаць краіну ад развалу знешнімі войнамі.
Па-другое, украінскае войска і ўкраінскі народ ніколі не спыняць баявыя дзеянні, накіраваныя на аднаўленне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Цяпер ваюе больш за мільён украінцаў непасрэдна, да 10 мільёнаў апасродкавана. Яшчэ блізу 10 мільёнаў знаходзіцца ў якасці перамешчаных асобаў. Гэта ўсё сур'ёзная сіла.
Кожны з вайскоўцаў УСУ дае прысягу народу Украіны. Не ўраду ці прэзідэнту, а народу, што будзе захоўваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Таму ўкраінскае войска і народ будуць ваяваць да аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці. Таму пра які 2025-ы размова? Ваяваць гады тры да развалу РФ.
– Якім будзе наступны год для Расеі?
– У наступным годзе ўкраінскае войска правядзе пару контрнаступальных аперацый. Прычым адна з іх будзе праведзеная з дапамогай далёкіх сродкаў паразы. У асноўным гэта будзе датычыцца Крыма.
Ракетнай тэхнікай будуць нанесеныя паразы недзе блізу дзвюм сотням ваенных аб'ектаў расейцаў у Крыме. Там ёсць 150 стацыянарных і блізу 50 мабільных вайсковых аб'ектаў. Іх проста разматае авіяцыя і ракеты. Расейцы не змогуць абараніцца. Гэта значыць, будзе знішчэнне ваеннай сілы ў Крыме, заваёва перавагі ў паветры. Аперацыя будзе доўжыцца недзе паўгода, думаю, гэта будзе задача летняй ваеннай кампаніі УСУ.
Будзе праведзеная і наземная аперацыя. Тут будзе залежаць ад колькасці сілаў і сродкаў для яе. Калі тэхнікі і асабовага складу будзе дастатковая колькасць, то будзе як мінімум пачатая наземная аперацыя ў вызваленні Крыма. Калі іх будзе недастаткова, то можа быць праведзеная аперацыя кантролю расейскай тэрыторыі: Бранскай, Белгарадскай, пашырэнне Курскай. Для стварэння так званай буфернай зоны.
Адзначу, што, груба кажучы, на 100 мільярдаў «жалеза» мы атрымаем ад партнёраў у 2025-м годзе. Калі ўсё будзе ў дастатковай колькасці, то, падкрэслю, мы можам у наступным годзе зачысціць Крым не толькі ракетамі, самалётамі, але і наземнай аперацыяй.
Самы мінімальны варыянт: накрыць Крым ракетамі, авіяцыйнымі бомбамі, падысці да яго і пачаць яго вызваленне ці запячатаць расейцаў у Крыме. Гэта значыць, выйсці на пярэсмыкі. Гэта адна з задачаў наступнага года. Далей – вызваленне Данбаса. Яно магчымае толькі пасля поўнага вызвалення Крыма. Крым можна вызваліць за адзін год, а вось на Данбас спатрэбіцца некалькі гадоў. Таму нам ваяваць яшчэ гады тры.
Пасля выхаду на межы 1991-га (гэта будзе ў раёне 2027–2028 гадоў) усё будзе залежаць ад таго, з якой хуткасцю будзе развальвацца РФ і з якой інтэнсіўнасцю яны будуць весці баявыя дзеянні ўжо на лініі мяжы.
Тут ёсць магчымасць таго, што пасля дамоўленасцяў ужо паміж Трампам і Пуціным (ці з кімсьці пасля Пуціна) будзе пэўная дамова пра тое, што паміж Украінай і Расеяй будуць уведзеныя так званыя міратворчыя войскі пад эгідай ААН, каб падзяліць супрацьлеглыя бакі. Прычым да таго часу кіраўніцтва РФ будзе сур'ёзна падточанае «рашкападам» (я яго так называю), які пачаўся ўжо сёлета з Сірыі.
Далей іх выціснуць з Прыднястроўя, Беларусі, Грузіі, Афрыкі, пазней з Паўднёвай Амерыкі. «Рашкапад» магчымы, расейскае войска нікому з усіх гэтых лакацый не зможа дапамагчы. Яно звязанае баямі ва Украіне. Гэта ўсё разам дазваляе мне рабіць такі прагноз.