BE RU EN

Выведка ЗША назвала прычыну катастрофы самалёта «Азербайджанскіх авіяліній»

  • 28.12.2024, 17:54

Расея прыняла самалёт за беспілотнік праз шэраг чыннікаў.

Расейскія сістэмы супрацьпаветранай абароны маглі памылкова збіць самалёт авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі» праз няправільную ідэнтыфікацыю цэлі, піша Sky News са спасылкі на крыніцы сярод амерыканскіх вайскоўцаў.

Два неназваныя амерыканскія чыноўнікі паведамілі са спасылкай на звесткі выведкі, што Расея, магчыма, прыняла самалёт за беспілотнік праз ягоны нерэгулярны маршрут і вышыню палёту.

Джон Кірбі, прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША, адзначыў:

«Мы бачылі некаторыя першыя прыкметы, якія, безумоўна, паказваюць на магчымасць таго, што гэты самалёт быў збіты расейскімі сістэмамі СПА».

Ён устрымаўся ад дэталяў, спасылаючыся на тое, што расследаванне прадаўжаецца.

Падрабязнасці катастрофы

Самалёт накіроўваўся з Баку ў Грозны на Каляды. Падчас палёту ён павярнуў у бок Казахстана і разбіўся за 3,2 км ад Актау, спрабуючы здзейсніць экстранную пасадку пасля палёту над Каспійскім морам. У выніку аварыі загінулі 38 чалавек, яшчэ 29 атрымалі раненні.

У Азербайджане абвясцілі нацыянальны дзень жалобы. Міністр транспарту Азербайджана Рашад Набіеў заявіў, што папярэднія высновы экспертаў паказваюць на «знешняе ўздзеянне», адзначыўшы, што тып зброі будзе вызначаны падчас расследавання. Сведкі катастрофы пацвердзілі, што чулі гучныя выбухі перад аварыяй.

Сцюардэса Айдан Рагімлі апісала, як пасля першага шуму аўтаматычна спрацавалі кіслародныя маскі, а потым адбыўся яшчэ адзін удар. Яе калега Зульфугар Асадаў адзначыў, што гук нагадваў удар па корпусе самалёта, пасля якога ён атрымаў сур'ёзную траўму:

«Рука была разарваная, як быццам нехта ўдарыў мяне сякерай».

Яшчэ адна пасажырка, Джэрава Саліхат, паведаміла: «Нешта ўзарвалася каля маёй нагі». А Вафа Шабанава прыгадала, што выбухаў было два, а праз паўтары гадзіны самалёт упаў.

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць тое, што адбылося, заявіўшы:

«Паветраны інцыдэнт расследуецца, і мы не думаем, што маем права даваць нейкія ацэнкі, пакуль не будуць зробленыя высновы».

Катастрофа адбылася на фоне актывізацыі нападаў украінскіх беспілотнікаў, што, верагодна, павысіла напружанасць у рэгіёне. Калі будзе даказана, што самалёт збілі расейскія сістэмы СПА, гэта стане другім выпадкам, калі РФ збіла цывільны самалёт падчас вайны супраць Украіны.

Апошнія навіны