Беларускі прафесар знайшоў новы грыб
- 28.12.2024, 11:35
Яго назвалі ў гонар нашага славутага земляка.
Біялагічная разнастайнасць Еўропы ўважаецца за добра вывучаную, але часам на яе тэрыторыі атрымліваецца знайсці віды грыбоў, раслінаў або жывёлаў, раней невядомых навуцы. Менавіта такі грыб знайшоў прафесар кафедры біялогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Андрэй Цурыкаў.
Знойдзены грыб вельмі невялікага памеру, ён паразітуе на слаях лішайніку. Новы від знайшлі на ўскраіне Гомеля (Навабеліцкі раён горада), калі прафесар разам са студэнтамі вывучалі гарадскія лішайнікі на прыдарожных дрэвах. Каб даказаць, што гэта новы, раней невядомы навуцы від, спатрэбілася пяць гадоў карпатлівай працы.
Названы новы від грыбоў Спіраграфа Скарыны – у гонар беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Як зазначаецца на сайце ГДУ, такі выбар зрабілі, грунтуючыся на заслугах Скарыны ў развіцці навукі, адукацыі і культуры. А таксама гэта была пастанова Цурыкава як знак падзякі альма-матар – Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.