Апазіцыйную прэзідэнтку Грузіі Саламэ Зурабішвілі запрасілі на інаўгурацыю Трампа
- 28.12.2024, 12:13
Нягледзячы на фармальнае заканчэнне паўнамоцтваў 29 снежня.
Апазіцыйную прэзідэнтку Грузіі Саламэ Зурабішвілі запрасілі на інаўгурацыю новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Яна адбудзецца 20 студзеня 2025 года.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву рэспубліканца Джо Уілсана, які ўзначальвае падкамітэт замежных справаў Палаты прадстаўнікоў.
Ён адзначыў мужнасць Саламэ Зурабішвілі і запрасіў яе на інаўгурацыю Трампа.
«Я глыбока захапляюся яе мужнасцю перад абліччам нападак з боку Іванішвілі і ягоных хаўруснікаў з КПК (Камуністычная партыя Кітая, – рэд.) і іранскага рэжыму», – напісаў Уілсан у X (Twitter).
Інаўгурацыя абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адбудзецца 20 студзеня 2025 года ў Вашынгтоне.
Фармальна паўнамоцтвы Саламэ Зурабішвілі скончацца 29 снежня пасля інаўгурацыі Міхаіла Кавелашвілі, якога абралі прэзідэнтам Грузіі сябры «Грузінскай мары». Кавелашвілі не атрымліваў віншаванняў з абраннем ад ЗША і еўрапейскіх краінаў.
Зурабішвілі адмаўляецца складаць паўнамоцтвы да таго часу, пакуль у Грузіі не прызначаць новыя парламенцкія выбары.