Хаос, шок і паніка: Бортправаднікі расказалі, што адбывалася ў самалёце перад падзеннем у Актау
- 28.12.2024, 13:57
Большасць людзей выжыла, бо знаходзілася ў хваставой частцы.
Перад сутыкненнем самалёта рэйсу 8243 «Азербайджанскіх авіяліній» з зямлёй у Актау (Казахстан) на борце панавалі хаос, паніка і шок. З 67 чалавек на борце выжылі толькі 29, сярод іх – бортправаднікі Зульфугар Асадаў, Айдан Рагімл і пасажыр Субханкул Рахімаў. Яны падзяліліся сваімі сведчаннямі ў інтэрв'ю The New York Times.
Паводле словаў Асадава, самалёт Embraer 190 тройчы спрабаваў прызямліцца ў Грозным, але пачаў паводзіць сябе дзіўна. Бортправаднік пачуў дзіўны стук звонку самалёта, потым нешта парэзала ягоную руку.
«Дзякуй Богу, я жывы», – сказаў Асадаў з бальнічнага ложка ў Баку.
Рагімлі ўспомніла, што чула два ўдары звонку, пасля чаго аскепкі патрапілі ў салон. Яна дапамагла Асадаву перавязаць руку ручніком.
Пасажыр Субханкул Рахімаў расказаў, што пасля ўдару па самалёце пасажыры пачалі маліцца: «Я думаў, што гэта мая апошняя малітва».
Звесткі Flightradar24 паказалі, што вертыкальная хуткасць самалёта за апошнія 74 хвіліны палёту вагалася больш за 100 разоў. Пасля трывожных гукаў самалёт урэшце пацярпеў катастрофу: пярэдняя частка была сур'ёзна пашкоджаная, а хвост аддзяліўся.
Выратаванне
Людзі, якія выжылі, апісалі момант пасля аварыі як цішыню, якая перапынілася стогнам параненых.
«Я зразумеў, што мы прызямліліся... Я не ведаў, што рабіць – смяяцца ці плакаць», – прызнаўся Рахімаў.
«Азербайджанскія авіялініі» ў пятніцу заявілі, што самалёт зазнаў «вонкавае ўмяшанне». Амерыканскія выведныя службы мяркуюць, што самалёт маглі збіць расейскай зенітнай сістэмай, верагодна, ракетай «зямля – паветра». Сведкі ў Баку адзначылі, што прычынай маглі стаць расейскія сістэмы СПА «Панцыр-С1».
Урад Азербайджана абвясціў дзень жалобы, а «Азербайджанскія авіялініі» прыпынілі рэйсы ў восем гарадоў Расеі. Расследаванне прычынаў катастрофы вядуць следчыя з Азербайджана, Казахстана і Расеі.
Дачка Асадава, Конул, прызналася, што не магла паверыць, што бацька выжыў:
«Я падумала, што мяне падманваюць, што ён не мог перажыць нешта падобнае».