Кітай стаў адмаўляцца працаваць з расейскімі банкамі
- 3.12.2024, 9:39
Праз санкцыі ЗША.
Кітайскія банкі пачалі адмаўляцца ад працы з расейскімі крэдытнымі арганізацыямі, якія патрапілі пад новыя санкцыі ЗША, расказаў "Известиям" генеральны дырэктар АТ "Першая Група" Аляксей Парошын. Паводле ягоных слоў, большасць банкаў КНР ужо спынілі з імі стасункі.
Гэта пацвердзіў камерцыйны дырэктар кампаніі "Імпая Рус" Аляксей Разумоўскі. Ён паведаміў, што многія банкі, напрыклад Bank of China, заблакавалі плацяжы з падсанкцыйнымі арганізацыямі. Папярэджанні кліентам аб спыненні прыёму плацяжоў таксама разаслаў Bank of Kunlun, які расейскія імпарцёры часта выкарыстоўвалі для аплаты тавараў.
21 лістапада Мінфін ЗША уключыў у SDN-ліст Газпрамбанк, а таксама больш за 50 крэдытных арганізацый, у ліку якіх "Дом.РФ", ББР, Прымсацбанк, "Сінара", "Траст", БКС Банк, "Ітуруп", "Цэнтракрэдыт", “Крамлёўскі” ды іншыя.
Да студзеня, калі адбудзецца інаўгурацыя абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, ніякіх паслабленняў не будзе, кажа Парошын. Пры гэтым ён мяркуе, што нават з прыходам Трамп сітуацыя з плацяжамі ў Кітай значна не палепшыцца.
Тым часам у Расеі рэзка актывізаваліся кітайскія аплатныя агенты, якія прапануюць больш складаныя, а часам і сумнеўныя схемы для плацяжоў у Кітай, расказвалі The Moscow Times (TMT) удзельнікі рынку. З іх слоў, частка агентаў працуюць паводле схемы карго - расплачваюцца ў Кітаі з пастаўшчыкамі за непацверджаныя дакументальна і часта сумнеўныя з пункту гледжання закона ланцужкі і ўвозяць тавар у Расею паводле "шэрых" схем або наогул кантрабандай. Такія пастаўкі немагчыма кантраляваць, але пасля лістападаўскіх санкцый іншага выйсця няма, адзначалі суразмоўцы ТМТ.
Праблемы з плацяжамі з Расеі пачаліся яшчэ ў 2022 годзе праз санкцыі за вайну ва Украіне. Са снежня 2023 года банкі з "прыязных" краін сталі дадаткова ўзмацняць жорсткасць падыходаў да працы з расейскімі кампаніямі праз указ прэзідэнта ЗША, згодна з якім замежныя банкі могуць патрапіць пад абмежаванні за дапамогу з угодамі падсанкцыйных асоб з Расеі і садзейнічанне пастаўкам расейскаму АПК. У ліпені 2024 года ЗША зрабілі больш жорсткім гэты санкцыйны рэжым, уключыўшы ў вызначэнне ваенна-прамысловай базы ўсе расейскія падсанкцыйныя асобы, у тым ліку банкі.
Кітайскія банкі абмежавалі разлікі з Расеяй у снежні 2023 года. З пачатку гэтага года буйныя крэдытныя арганізацыі КНР перасталі прымаць пераводы з РФ у юанях. Пасля гэтага яны сталі блакаваць рахункі расейскім кампаніям праз тое, што іх юрыдычныя адрасы супадаюць з адрасамі арганізацый, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Таксама банкі Кітая ўзмацнілі жорсткасць праверкі плацяжоў з Турцыі, Індыі, ААЭ і Ганконга ў пошуках “расейскага следу”.