Якой будзе зіма ў Беларусі?
- 3.12.2024, 21:03
Папярэдні прагноз.
Пра доўгатэрміновыя прагнозы на бліжэйшыя зімовыя месяцы ў Беларусі расказала начальніца службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна на прэс-канферэнцыі ў Менску ў аўторак, піша «Смартпресс».
«Сёння мы з месячнай своечасовасцю можам спрагназаваць толькі анамалію тэмпературы ці анамалію ападкаў: г.зн. на колькі цяплей ці халадней будзе ў пэўным месяцы, на колькі вільготным ці сухім будзе гэты месяц, - патлумачыла яна. - Найбольш дакладныя прагнозы мы цяпер можам рабіць толькі на тыдзень наперад».
Паводле ейных слоў, агулам зіма 2024/2025 года з імавернасцю больш як 50 адсоткаў у Беларусі будзе цёплай.
«Ападкі будуць у межах кліматычнай нормы. Аднак, праз тое, што тэмпература будзе падвышанай, ёсць імавернасць, што ападкаў будзе больш у змешанай і вадкай фазе (мокры снег, дождж). «Г.зн. на падставе доўгатэрміновых прагнозаў на працяглае снежнае покрыва пакуль разлічваць не даводзіцца», — адзначыла Істоміна.
Разам з тым, гэтай зімой абавязкова будуць і моцныя маразы і вельмі цёплае надвор'е, дадала яна. «Будзе і снег, каб пакатацца на санках і лыжах. Дакладней сёння сказаць проста немагчыма», - канстатавала прадстаўніцы Белгідрамета.
На актуальнае для ўсіх беларусаў пытанне, якое ж надвор'е чакаць на Новы год, яна адказала так: бНа жаль, сучасны ўзровень прагназавання не дазваляе сіноптыкам з належнай дакладнасцю за месяц спрагназаваць надвор'е ў тым ці іншым пункце ў канкрэтны дзень».