У Гародні пара даказвала, што пабралася шлюбам праз каханне, а пракурор – што праз размеркаванне
- 5.12.2024, 20:30
На чый бок устаў суд.
Суд Ленінскага раёна горада Гародні разгледзеў справу паводле пазову пракурора, заяўленую ў інтарэсах дзяржавы, аб прызнанні шлюбу паміж лекарам і вайскоўкай несапраўднай. Шлюб быў зарэгістраваны ў чэрвені 2024 года, але нягледзячы на ўсе довады пары, суд прыйшоў да высновы, што іх мэтай не было стварэнне сям’і. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда.
Паводле матэрыялаў справы, муж – выпускнік медыцынскага ўніверсітэта, які навучаўся на бюджэтнай аснове з умовай мэтавага размеркавання ў Гомельскую гарадскую лякарню. Аднак, пасля рэгістрацыі шлюбу з вайскоўкай, ён дамогся пераразмеркавання ў Гародню, дзе служыла ягоная жонка.
Згодна з пазіцыяй пракурора, шлюб насіў фіктыўны характар, паколькі адказнікі не вялі супольнай гаспадаркі, не жылі разам і мелі асобныя бюджэты. Больш за тое, яны не пазнаёмілі адно аднаго са сваякамі, не фатаграфаваліся разам, а муж не наведваў жонку, якая ляжала ў лякарні.
Суд вызначыў, што пасля рэгістрацыі шлюбу пара правяла толькі блізу паўгадзіны разам, пасля чаго разышлася на свае месцы жыхарства.
Пара адмаўляла фіктыўнасць шлюбу, сцвярджаючы, што іх стасункі былі сапраўднымі. Аднак пададзеныя доказы і паказанні сведак пераканалі суд, што ў пары не было намераў стварыць сям’ю.
Суд, спаслаўшыся на артыкулы 45 і 48 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, прызнаў шлюб несапраўдным. Таксама з кожнага з сужэнцаў у прыбытак дзяржавы спагналі 60 рублёў дзяржаўнай мыты.