BE RU EN

Навукоўцы высветлілі, што кожны слон валодае сваім характарам

  • 6.12.2024, 21:32

Характар у гэтых жывёлаў фармуецца з узростам.

Навукоўцы зрабілі дзіўнае адкрыццё пра сацыяльныя паводзіны афрыканскіх сланоў.

Высветлілася, што кожны самец слана валодае ўнікальным характарам, які праяўляецца ў ягоных паводзінах і ўзаемадзеянні з суродзічамі, піша New Voice.

Даследнікі назіралі за групай дзікіх сланоў цягам некалькіх гадоў і выявілі пяць асноўных рысаў характару: агрэсіўнасць, прыязнасць, дамінаванне, трывожнасць і спакой. Пры гэтым характар кожнага слана выяўляўся не толькі ў ягоных індывідуальных асаблівасцях, але і ў залежнасці ад сацыяльнай сітуацыі. Напрыклад, у прысутнасці маладых самцоў дарослыя сланы часцей праяўлялі прыязнасць і дамінаванне.

Навукоўцы таксама адзначылі, што характар сланоў фармуецца з узростам. Маладыя самцы, як правіла, больш аднатыпныя ў сваіх паводзінах, у той час як у дарослых сланоў асобы больш ярка выяўленыя і разнастайныя.

Разуменне індывідуальных асаблівасцяў паводзінаў сланоў мае вялікае значэнне для іх захавання. Веды, як сланы ўзаемадзейнічаюць адзін з адным і рэагуюць на розныя сітуацыі, дапаможа распрацаваць больш эфектыўныя стратэгіі аховы гэтых жывёлаў. Акрамя таго, атрыманыя звесткі могуць быць карысныя для паляпшэння ўмоваў утрымання сланоў у заапарках і запаведніках.

Даследаванне паказала, што найболей паспяховыя ў сацыяльным жыцці сланы ўмеюць знаходзіць баланс паміж агрэсіўнасцю і прыязнасцю. Гэта азначае, што для захавання папуляцыі сланоў важна падтрымліваць разнастайнасць сацыяльных групаў і забяспечваць магчымасць для жывёлаў узаемадзейнічаць адна з адной.

Навукоўцы плануюць прадоўжыць свае даследаванні, каб глыбей вывучыць сацыяльную структуру слановых статкаў і ўплыў розных чыннікаў на паводзіны гэтых жывёлаў. Атрыманыя вынікі дапамогуць лепш зразумець не толькі сланоў, але і іншых сацыяльных жывёлаў, у тым ліку чалавека.

Апошнія навіны