Знаўцы «Што? Дзе? Калі?» не адказалі на пытанне беларуса
- 9.12.2024, 10:40
Ён спытаў пра карціну Ван Гога.
У чарговай гульні азербайджанскага клуба «Што? Дзе? Калі?» каманда Фарыда Рзаева атрымала перамогу над тэлегледачамі з лікам 6:5, піша «Комсомолка» .
У другім раўндзе прагучала пытанне ад лекара з Берасця Васіля Станчука:
«Перад вамі карціна Вінцэнта Ван Гога «Від на мора ля Схевенінгена», якую ён напісаў у жніўні 1882 года. Сёння гэта карціна выстаўленая ў музеі Ван Гога ў Амстэрдаме. Што на карціне дазволіла мастацтвазнаўцам пераканацца ў тым, што яна напісаная з натуры, а не па памяці?».
На пытанне адказаў знаўца Марк Гаўзэр:
«Выкажам здагадку, што гэтую карціну ён пісаў з натуры. Мастацтвазнаўцы гэта зразумелі па тым, што на карціне яны знайшлі пырскі. Сляды ад пырск. Адпаведна, зразумела, што ён сапраўды знаходзіўся побач з морам, і там вось мы бачым хвалі».
Вядучы папрасіў удакладніць, як можна выявіць сляды ад пырсак.
«Па-першае, марская вада салёная. Адпаведна, калі вада марская пырснула на карціну, то акрамя, магчыма, нейкіх такіх момантаў размытых, якія мастак відавочна не планаваў, тамака проста можна выявіць марскую соль».
Вядучы агучыў правільны адказ:
“Паглядзіце на карціну. Мора ў той дзень было шалёнае. Штармавы вецер гнаў хвалі, а заадно дадаваў у свежую фарбу пясчынкі. Па пяску ў фарбе мастацтвазнаўцы пераканаліся ў тым, што Ван Гог пісаў гэтую карціну, знаходзячыся ў той дзень на беразе”.
Такім чынам, тэлеглядач перамог знаўцаў і атрымаў 100 манатаў (блізу 200 беларускіх рублёў).