Грамадзянін Літвы западозраны ў шпіянажы на карысць Расеі
- 9.12.2024, 20:37
У падазраванага, апроч літоўскага, ёсць расейскае грамадзянства.
Улады Літвы западозрылі чальца кансерватыўнай партыі «Звяз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты» ў шпіянажы на карысць Расеі. Пра гэта паведамляе BNS са спасылкай на заяву супрацоўніка Генеральнай пракуратуры Артураса Урбяліса. Дасудовае расследаванне закончанае, справа ў найбліжэйшы час будзе перададзеная ў суд.
LRT называе імя падазраванага – Эдуард Манаў. Ён у 2011 годзе вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах у гарадскую раду Шаўлі на поўначы краіны і ўваходзіў у раду шаўляйскага аддзялення Звязу палітычных зняволеных і ссыльных Літвы.
Манаў вядомы як фотамастак і ў 2014 годзе ў Шаўлі прапанаваў сваю выставу фатаграфій пад назвай «Літва – у маім сэрцы».
Паводле словаў пракурора, у падазраванага, апроч літоўскага, ёсць расейскае грамадзянства. Паводле звестак следства, абмен інфармацыяй з Масквой праводзіўся праз шыфраваную радыёсувязь. Сцвярджаецца, што ў ходзе расследавання было знойдзенае і канфіскаванае «складанае шпіёнскае абсталяванне».