Украінскі лётчык: Масква перадала Кіеву баявыя гелікаптэры
- 13.02.2024, 18:15
Для выканання баявых задач для знішчэння расейскага войска.
Федэральная служба бяспекі (ФСБ) Расеі правяла ператрусы ў офісе Расавіяцыі. Супрацоўнікаў агенцтва абвінавачваюць у «крадзяжы» гелікаптэраў і самалётаў, якія апынулася ў іншых краінах.
Наколькі расейскі ваенна-прамысловы комплекс пашкоджаны карупцыяй? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з ваенным экспэртам, палкоўнікам Узброеных сіл Украіны, лётчыкам-інструктарам Раманам Світанам:
- Тут нельга казаць аб карупцыі ў чыстым выглядзе. Яны рэалізуюць сваю прадукцыю праз трэція краіны. Тут можна казаць аб тым, што структуры ў ФСБ, якія кантралююць гэты сегмент вытворчасці і рынка, «правіслі», недагледзелі і дапусцілі гэта.
Для нас, украінцаў, гэта добра. Хай далей сабе п'юць, а мы тым часам будзем у іх тэхніку забіраць. У нас жа выкарыстоўваецца старая савецкая тэхніка. Часам патрэбны донары для запчастак. Бывае, што ёсць няспраўны гелікаптэр, але ён вельмі патрэбны, бо з'яўляецца скарбніцай запчастак для іншых гелікаптэраў, якія могуць яшчэ лётаць.
- Ці сапраўды частка гелікаптэраў і самалётаў магла апынуцца ва Украіне?
- Больш за дзясятак бартоў дакладна. Разумееце, гэта не ўзялі ў Маскве гелікаптэры і не прывезлі іх у Кіеў. Яны адгрузілі ў адну краіну, тая - у іншую, а ўрэшце іх атрымала Украіна.
Пытанне ў тым, як запускалася гэтая схема першапачаткова, ці спецыяльна ўкраінскімі службамі з удзелам расейскіх? Мо гэта проста так склалася? Вось зараз расейцы няхай думаюць пра гэты механізм.
Калі глядзець, то агульны механізм такі: Масква перадала Кіеву баявыя гелікаптэры для выканання баявых задач для знішчэння расейскага войска. Ну што ж, працуем.
- Якія сферы ваенна-прамысловага комплексу Расеі яшчэ могуць быць пашкоджаныя карупцыяй?
- Практычна ўсё, уключаючы ФСБ. Гэта значыць любы кантрольны орган. Як той казаў, калі нельга нешта купіць за вялікія грошы, то можна за вельмі вялікія грошы.
Уся расейская эканоміка пабудаваная на карупцыі. Прычым, скажам так, дазволенай. Ліквідуй карупцыю - эканоміка РФ проста працаваць не будзе. У Расеі на крадзяжы стаіць уся сістэма дзяржаўнага кіравання.