У Чэхіі хочуць бестэрмінова забараніць выдачу беларусам віз і ДНЖ
- 13.02.2024, 14:33
Але для некаторых будуць паслабленні.
Чэхія разглядае магчымасць падаўжэння забароны на выдачу віз і дазвол на жыхарства (ДНЖ) расейцам і беларусам.
Пакуль гэтая забарона дзейнічае да 31 сакавіка гэтага года. З адпаведнай прапановай выступіла МЗС краіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Забарону для расейцаў Чэхія ўвяла адразу пасля пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, у чэрвені 2022 года яе дзеянне было прадоўжанае да сакавіка 2023 года, а потым да сакавіка гэтага года. Выключэнне было зроблена для паездак з гуманітарнымі мэтамі.
Летась у сакавіку забарону распаўсюдзілі і на беларусаў, пры гэтым не мае значэння, ці ёсць у іх грамадзянства іншай краіны.
У некаторых выпадках атрыманне візы або ВНЖ усё ж магчыма: напрыклад, калі заяўнік з'яўляецца сямейнікам грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны ЕЗ, або сваяком іншаземца, які мае чэшскі ДНЖ.
Для беларусаў таксама захоўваецца магчымасць атрымаць візу для навучання, калі яна аплачваецца стыпендыяй з боку Чэхіі, ЕЗ ці міжнароднай арганізацыяй.
Яшчэ адно выключэнне складаюць тыя заяўнікі, чыё знаходжанне "адпавядае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі", і гэта пацвердзіла МЗС краіны.