BE RU EN

Анналена Бэрбок была вымушаная перапыніць свой візіт ва Украіну

  • 25.02.2024, 21:30

За картэжам кіраўніцы МЗС Нямеччыны ў Мікалаеве ляцеў расейскі дрон.

Міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбок была вымушаная змяніць праграму свайго візіту ў Мікалаеў, бо за ейным картэжам у нейкі момант пачаў сачыць расейскі дрон, паведамілі ў нядзелю, 25 лютага, нямецкая грамадска-прававая мэдыякампанія ZDF і газета Bild.

Карэспандэнтка Bild Надзя Асвад, якая суправаджала Бэрбок у выправе, паведаміла, што калона аўтамабіляў з кіраўніцай МЗС Нямеччыны адправілася ў бок Чорнага мора, каб наведаць апрасняльную станцыю, размешчаную за 50 км ад лініі фронту.

«Па дарозе на станцыю да калоны аўтамабіляў наблізіўся расейскі выведны беспілотнік. Зазвычай за яго з'яўленнем ідзе атака з паветра, — паведаміла выданне Bild у сваім Telegram-канале. — Ва ўкраінскіх чальцоў дэлегацыі спрацаваў трывожны сігнал на смартфоне, кіроўцы сталі спрабаваць уцячы ад дрона. Але ён ляцеў за калонай, пераследуючы іх. У выніку ім выпала адарвацца, дрон паляцеў прэч».

Журналісты ZDF дадаюць, што МЗС Нямеччыны пацвердзіла змену праграмы візіту Бэрбок. Чальцам нямецкай дэлегацыі пасля інцыдэнту прапанавалі перасесці ў панцырныя аўтамабілі. Праз некалькі гадзін поезд кіраўніцы МЗС ужо пераехаў мяжу з Малдовай.

Праз пэўны час паветраная трывога ў Мікалаеве была скасаваная. У суботу Бэрбок знаходзілася з візітам у Адэсе і была вымушаная правесці вечар у бамбасховішчы, бо ў месце абвясцілі паветраную трывогу.

Апошнія навіны