BE RU EN

Што зменіцца ў Беларусі з 1 сакавіка

  • 26.02.2024, 9:40

Некаторыя з іх адаб'юцца на партманэтах беларусаў.

Некаторым беларусам трэба будзе даць справаздачу перад падатковай аб даходах за мінулы год, падазроныя грашовыя пералічэнні будуць блакаваць, а Літва закрые два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Onliner.by расказвае пра важныя змены, якія чакаюць нас у першы месяц вясны.

Будзе дзейнічаць новая сістэма барацьбы з ашуканцамі

З 1 сакавіка ўступае ў дзеянне ўказ ад 29 жніўня 2023 года нумар 269 "Аб мерах процідзеяння несанкцыянаваным аплатным аперацыям". Згодна з дакументам, Нацбанк арганізуе абмен інфармацыяй паміж сілавікамі і банкаўскім сектарам аб несанкцыянаваных аплатных аперацыях і спробах іх здзейсніць.

Інфармацыя аб несанкцыянаваных аплатах павінна будзе перадавацца ў аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі інцыдэнтаў Нацбанка (АСАІ).

Сілавыя структуры атрымаюць права спыняць на тэрмін да 10 дзён расходныя аперацыі банкаўскага рахунку, укладу, электронным кашальку, калі ёсць інфармацыя або падазрэнне, што ўладальнік удзельнічаў у супрацьпраўных дзеяннях.

З гэтай жа даты, 1 сакавіка, уступае ў дзеянне пастанова Нацбанка ад 15 снежня 2023 года нумар 453, згодна з якой банкі будуць блакаваць падазроныя аперацыі.

Калі пры пераводзе грошай (у тым ліку электронных) нешта не супадае са звычайнымі параметрамі, якія выкарыстоўвае карыстальнік, то перавод можа быць прыпынены. Напрыклад, гэта можа быць незвычайны час, дзень ці месца пераводу, дзіўная аплатная прылада ці сэрвіс, скарыстаны для пераводу, тэхнічныя дэталі, сума грошай і гэтак далей.

Перавод таксама прыпыняць, калі інфармацыя аб атрымальніку грошай супадзе са звесткамі аб несанкцыянаваных аперацыях з АСАІ.

Літва закрые два пункты пропуску

З 1 сакавіка нельга будзе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу ў пунктах пропуску "Катлоўка" ("Лаварышкі) і "Прывалка" ("Райгарад").

Адкрытымі застануцца два пункты пропуску на мяжы з Літвой — гэта "Каменны Лог" ("Меднікі") і "Беняконі" ("Салечнікі").

Літоўскі ўрад таксама пастанавіў, што праз КПП, якія засталіся, не будуць прапускаць пешаходаў і веласіпедыстаў і паступова скароціцца колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх перавозчыкаў, якія арганізуюць аўтобусныя рэйсы.

Літоўскі бок сцвярджае, што гэтую пастанову прынялі для таго, каб ліквідаваць праблемы кантрабанды, парушэнні міжнародных санкцый і нацыянальнай бяспекі.

Не забыцца пра дэкларацыю аб даходах

Некаторым беларусам не пазней за 1 красавіка трэба даць справаздачу ў падатковую аб даходах за 2023 год. Дэдлайн выплаты падаходнага падатку - не пазней за 3 чэрвеня.

Падаць дэкларацыю можна онлайн праз “Асабісты кабінет плацельшчыка”, праз пошту ці асабіста ў кожнай падатковай.

Гэта тычыцца беларусаў, якія ў 2023 годзе:

атрымлівалі даходы з-за мяжы або за мяжой;

атрымалі ў падарунак больш за 9 338 рублі (даходы ад блізкіх сваякоў не ўлічваюцца);

прадалі два і больш аўто;

прадалі нерухомасць (дэкларацыю трэба падаць тым, хто цягам пяці гадоў прадаў больш за адну кватэру, жылы дом, лецішча, садовы дамок, гараж, машына-месца, зямельны надзел).

Калі не падаць дэкларацыю своечасова ці не заплаціць падатак, налічаць штраф.

Яшчэ адзін банк уводзіць плату за захоўванне валюты

"Альфа-Банк" з 1 сакавіка ўводзіць камісію за захоўванне вялікіх сум у далярах і еўрах, калі сума сярэднядзённай рэшты на ўсіх рахунках большая за 160 тысяч рублёў у эквіваленце.

Камісія складзе 0,1% ад сярэднядзённай рэшты (мінімум 500 рублёў, але не больш за 3000). Новаўвядзенне тычыцца толькі фізічных асоб.

У "Альфа-Банку" распавялі, што выкарысталі такую ідэю, бо зараз ім не патрэбныя даляры і еўра ў вялікім аб'ёме: з-за абмежаванняў і праблем з міжнароднымі SWIFT-пералічэннямі. З альтэрнатыў кліентам прапануюць дэпазіты ў рублях ці іншай валюце.

"Альфа-Банк" не першы, хто ўвёў такую камісію. Улетку гэта зрабілі “БНБ-Банк” (ад $40 тыс. камісія 1%, але не менш за 500 рублёў) і “Прыёрбанк” (ад $50 тыс. камісія залежыць ад сумы, але не менш за 750 рублёў).

Да 1 сакавіка ІП трэба заплаціць унёскі ў ФСАН

Таксама гэта датычыцца адвакатаў і натарыусаў. Мінімальная сума за поўны год працы складае 2326,8 рублі.

Тым, у каго былі перапынкі ў працы ў 2023 годзе, унёскі давядзецца разлічыць самастойна. Для гэтага на сайце ФСАН ёсць калькулятар. Гэтыя ўнёскі таксама трэба заплаціць да 1 сакавіка.

Стане вядома, што будзе з бязмытнымі лімітамі

Да 1 красавіка беларусы могуць бязмытна завезці з-за мяжы або замовіць пасылкі на 1000 еўраў. У сакавіку будзе чарговы перагляд лімітаў, калі не будзе прынята ніякіх дадатковых пастаноў, нас чакае прыкметнае падразанне.

Для пасылак ліміт можа вярнуцца да сумы 200 еўра, для тавараў, якія ўвозяцца на аўтобусе ці аўто, - 500 еўраў.

Ліміт на 1000 еўра ўвялі вясной 2022-га на паўгода, потым некалькі разоў працягвалі.

Пакуль канчатковай пастановы няма, вядома толькі, што Мінфін Расеі выказаўся супраць захавання парога бязмытных онлайн-пакупак на ўзроўні 1 000 еўраў, так што парог можа знізіцца да 200 еўраў. Удзельнікі рынка онлайн-гандлю чакаюць, што гэта можа прывесці да падаражання тавараў у Расеі на 15-20%, а таксама да магчымага змяншэння асартыменту.

Будуць вялікія выходныя

Не раскоша ў выглядзе чатырох дзён адпачынку, але таксама нядрэнна - 8 сакавіка прыпадае на пятніцу, а следам ідуць выходныя субота і нядзеля.

Атрымліваецца, адзін тыдзень у нас будзе легальная чатырохдзёнка.

Пачнуцца школьныя вакацыі

Вясновыя вакацыі ў школах: яны працягнуцца з 24 да 31 сакавіка. Гэта 8 дзён і самыя кароткія канікулы гэтага навучальнага года.

Апошнія навіны