Мянчук купіў у пенсіянеркі кватэру, а калі паспрабаваў засяліцца - пачаліся праблемы
- 26.02.2024, 10:44
Памяняла замкі і адмовілася выязджаць.
Мянчук Дзмітрый паўгода таму купіў у пенсіянеркі кватэру, аднак змог усяліцца толькі зараз. Высветлілася, што атрыманыя ад продажу грошы жанчына аддала махлярам і таму адмовілася пакідаць былое жыллё - яе выселілі праз суд. Гэтая гісторыя стала вядомая tochka.by.
Зміцер працуе ў IT, раней жыў з жонкай на арэнднай кватэры. Назбіраўшы грошай і пазычыўшы ў бацькоў, муж і жонка купілі ў пенсіянеркі аднапакаёўку каля станцыі метро «Пушкінская». Угоду правялі праз агенцтва, у сярэдзіне мінулага чэрвеня падпісалі дамову куплі-продажу.
Былая гаспадыня павінна была выселіцца цягам тыдня, але гэтага так і не адбылося.
Галіна Ленінаўна памяняла замкі і адмовілася выязджаць, патлумачыўшы, што яе падманулі ашуканцы і ёй няма куды ісці. Пра гэта яна заявіла ў прысутнасці новых уладальнікаў і рыэлтара.
Спецыяліст патлумачыў жанчыне, што кватэра ўжо прададзеная і яна знаходзіцца там незаконна. Пенсіянерцы прапанавалі дапамогу ў пошуку арэнднага жылля, але ў жанчыны ўжо не засталося ні рубля. Яна засталася ў сваёй былой кватэры і напісала заяву на правядзенне пракурорскай праверкі.
Са слоў паджылай мянчанкі, ашуканцы падманулі яе паводле выпрабаванай схемы: прадставіліся праваахоўнікамі, пераканалі, што на яе ўзяты вялізны крэдыт, і запатрабавалі перавесці грошы нібыта на бяспечны рахунак.
Таксама Галіне Ленінаўне заявілі, што яе кватэра знаходзіцца ў базе «чорных рыэлтараў» - трэба яе прадаць і грошы зноў пералічыць на «бяспечны» рахунак. Прытрымліваючыся інструкцыі аферыстаў, падчас продажу кватэры яна расказвала Дзмітрыю, што з'язджае ў Расею — нібыта там радня, а тут нікога. Увогуле мянчанка страціла пару дзясяткаў тысяч рублёў, столькі ж ашчадку ў валюце і ўсе грошы ад продажу кватэры.
Пенсіянерка і Зміцер сустракаліся ў судзе, усяго было чатыры пасяджэнні. Лінія абароны мела намер скасаваць дамову куплі-продажу - нібыта жанчына была ўведзеная ў зман.
Апошні суд у студзені 2024 года пастанавіў, што Галіна Ленінаўна павінна пакінуць ужо не сваё жыллё. Жанчына аплаціла перад выездам камуналку, судовыя выдаткі і з'ехала.
Зараз 71-гадовая пенсіянерка жыве ў інтэрнаце і вымушана працаваць сядзелкай - па восем гадзін на дзень. У Нямеччыне ў яе жыве сын, аднак ад думкі з'ехаць да яго яна адмаўляецца.