Беларуская гандлёва-прамысловая палата оптам штампуе ліпавыя дакументы
- 26.02.2024, 12:21
Гэтая структура дапамагае абыходзіць санкцыі.
Аснова кантрабанды - гэта ліпавыя дакументы, піша Telegram-канал "Нік і Майк". Іх оптам штампуе Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Там выставяць сертыфікат паходжання любой краіны.
Дзейнасць гэтай структуры - прадмет для вывучэння і журналісцкіх (і не толькі) расследаванняў. Аднак нават яна не ў стане забяспечыць дакументамі той аб'ём, якім аперуе хунта. Тым больш, што трэба працаваць і за сябе, і за Расею, змешваючы і змешваючы тавары з дзвюх краін у межах розных санкцыйных рэжымаў.
І тут на дапамогу прыходзяць прыязныя краіны. Турцыя і ААЭ, здаецца, выходзяць з вялікай гульні, бо другасныя санкцыі дабраліся і да іх кампаній. Але ж ёсць яшчэ ЕАЭС і СНД, дзе можна знайсці згаворлівых партнёраў.
Альянс расследавальнікаў Беларусі ў новым расследаванні расказвае пра тое, як узбекская “ліпа” дапамагла, хоць і з цяжкасцю, заштурхаць вагон карбаміду з Беларусі ў Літву. У гэтай маленькай сетцы было больш за 10 кампаній з Беларусі, Нямеччыны, Польшчы, Літвы і Эстоніі.
Прадэманстраваныя ўсе найбольш тыповыя прыёмы:
- падробленыя дакументы трэцяй краіны;
- Множныя кампаніі, зарэгістраваныя на работнікаў, сваякоў у Еўрапейскім Звязе;
- рэгістрацыя некалькіх чыстых кампаній замест адной "засвечанай".
З кантрабандыстамі ўсё зразумела. Гэта іх бізнэс і рызыка. Але як літоўская мытня прымае гэтую ліпу, а Нямеччына і іншыя краіны ЕЗ раздаюць рэзідэнцтва і нават грамадзянства, - вось гэта вялікае пытанне.