Апошнія дні зімы ў Беларусі будуць вельмі цёплымі
- 26.02.2024, 14:08
Па захадзе краіны чакаецца да +16°С.
27 лютага варункі надвор'я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць вобласць падвышанага атмасфернага ціску, толькі на паўночным захадзе адаб'ецца ўплыў франтальнага падзелу. Воблачна з праясненнямі. Уначы пераважна па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць дажджы, паведамляюць сіноптыкі.
Днём без істотных ападкаў, толькі па паўночным захадзе краіны месцамі чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі слабы туман, па паўночным усходзе на асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы сярэдні. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад -1°С па ўсходзе да +7°С па захадзе, максімальная ўдзень будзе +5..+11°С, у заходніх і паўднёвых раёнах краіны +12..+16°С. Атмасферны ціск уначы будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.
28 лютага на большай частцы тэрыторыі краіны ўмовы надвор'я абумовіць вобласць падвышанага атмасфернага ціску, толькі па паўночным захадзе краіны захаваецца ўплыў франтальнага падзелу. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі месцамі па паўночным захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці сярэдні, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўночы будзе ад -2°С па паўднёвым усходзе да +8°С па захадзе, максімальная ўдзень складзе ад +5°С па ўсходзе да +16°С у паўднёва-заходніх раёнах краіны.
29 лютага ўночы варункі надвор'я будзе вызначаць франтальны раздзел, які перамяшчаецца ва ўсходнім кірунку, у дзень краіна будзе знаходзіцца пад уплывам няўстойлівай паветранай масы. Воблачна з праясненнямі. Уначы на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень месцамі па краіне чакаюцца невялікія дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных кірункаў ад слабога да сярэдняга. Тэмпература паветра мінімальная ўночы -1..+5°С, па паўднёвым захадзе краіны да +7°С; максімальная ўдзень +4.. +10°С, па паўднёвым захадзе да +13°С.