«На фоне шалёнай негатыўнай рэакцыі»: папулярная курортная краіна выганяе расейцаў
- 26.02.2024, 16:25
Павінны выехаць у найбліжэйшыя два тыдні.
Шры-Ланка касуе візы для соцень тысяч расейцаў, якія знаходзяцца там, каб пазбегнуць вайны. Як паведамілі ў міграцыйнай службе краіны, грамадзяне РФ павінны выехаць у найбліжэйшыя два тыдні, інфармуе Independent.
Адзначаецца, што паводле афіцыйных звестак, за апошнія два гады пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне на Шры-Ланку прыбылі крыху больш за 288 000 расейцаў. Дакладная колькасць турыстаў з РФ, якія працягнулі сваё знаходжанне больш за 30-дзённую працягласць турыстычнай візы, застаецца незразумелай.
Паводле інфармацыі міністэрства турызму Шры-Ланкі, яны атрымліваюць скаргі на некаторых расейскіх турыстаў, якія вядуць незарэгістраваны і незаконны бізнэс у паўднёвай частцы краіны.
«Гэта адбылося на фоне шалёнай негатыўнай рэакцыі ў сацыяльных сетках на расейскія прадпрыемствы, якія вядуць палітыку «толькі для белых». ... Гэтыя прадпрыемствы ўключаюць бары, рэстарацыі, водныя тыпы спорту і паслугі па арэндзе транспартных сродкаў», - піша выданне.