BE RU EN

Як сеткі расейскіх крамаў захопліваюць Беларусь

  • 27.02.2024, 20:17

А у вашым горадзе яны ёсць?

З пачатку года адразу тры расейскія рэтэйлеры абвясцілі пра выхад на беларускі рынак. Гаворка ідзе пра крамы касметыкі і парфумерыі «Лэтуаль» і «Сяброўка», а таксама ювелірную сетку Adamas. Office Life вывучыў, як раздробныя бізнэсы, якія зарадзіліся ў суседняй краіне, прэзентаваныя ў Беларусі, – высветлілася, што іх даволі шмат. У канцы артыкула знойдзеце топ-10 расейскіх сетак паводле маштабу прысутнасці на нашым рынку.

Прадуктовы рэтэйл з жорсткім дысконтам

Расейскія прадуктовыя сеткі ў Беларусі больш дзейнічаюць у фармаце жорсткіх дыскаўнтараў. Нізкія кошты дасягаюцца дзякуючы зніжэнню выдаткаў: мінімальнае афармленне гандлёвай залы, невялікая колькасць персаналу, спрошчаная (палетная) выкладка прадукту.

Найбольш шырокая сетка ў «Святлафора». На сайце кампаніі пазначаныя адрасы 110 крамаў. У гэтай сетцы ёсць дзве катэгорыі дыскаўнтараў. Але дробныя і буйныя крамы трэба было неяк адрозніваць нават унутры фірмаў, таму гіпермаркеты перайменавалі ў «Спадарожнік». З 1 кастрычніка 2023 года пад гэтай назвай запрацавалі 15 аб'ектаў.

Нядаўна з'явілася інфармацыя, што расейскі бізнэсмэн беларускага паходжання Аляксандр Зарыбка зачыняе некаторыя крамы «Алмі», а частку вызваленых плошчаў будзе здаваць у арэнду іншым аператарам. Цяпер «Алмі» аб'ядноўвае 40 пунктаў. Дарэчы, на мінулым тыдні адзін са сваіх гандлёвых аб'ектаў у Гародні рэтэйлер перазапусціў менавіта ў фармаце дыскаўнтара.

Таксама ў Беларусі прадстаўленая яшчэ адна раздробная сетка крамаў-складоў «Дабрацэн». Пад гэтай шыльдай функцыянуюць 27 гандлёвых комплексаў.

Нізкія кошты не толькі прадуктаў

Актыўна займаюць пазіцыі на нашым рынку не толькі прадуктовыя дыскаўнтары, але і расейскія крамы з таварамі з нізкімі коштаі. За дзевяць месяцаў 2023 года ў Беларусі адчынілася 40 і зачынілася 13 крамаў Fix Price. Аператар працуе вельмі дынамічна і хутка мяняе лакацыю гандлёвых пунктаў у выпадку слабога трафіку і продажаў. Цяпер у нашай краіне ў Fix Price – 282 крамы. З іх 272 працуюць пад прамым кіраваннем рэтэйлера і толькі 10 – франчайзінгавай.

Сетка крамаў абутку і аксэсуараў для дарослых і дзяцей Kari заснаваная ў 2012 годзе расейскім прадпрымальнікам Ігарам Якаўлевым. У Беларусі адкрыта больш за 50 гандлёвых аб'ектаў. Летась Дзяржстандарт забараніў кампаніі прадаваць 40 відаў дзіцячага адзення і абутку.

«Дзіцячы свет» аб'ядноўвае 36 крамаў рознай плошчы. Самае вялікае прадстаўніцтва знаходзіцца ў Менску (8) і Гародні (4). Аналітыкі «Коліерз Інтэрнэшнл» чакаюць, што даччыная структура расейскага «Дзіцячага свету» хутка зменіць «Буслік» у некаторых гандлёвых цэнтрах. Беларускі канкурэнт «Дзіцячага свету» апошнім часам адчувае фінансавыя складанасці і скарачае прысутнасць на рынку.

Хто прыйшоў у fashion-сегмент

У Беларусі даволі актыўныя і расейскія fashion-рэтэйлеры. Цікавасць вырасла пасля сыходу з краіны некаторых заходніх брэндаў. Гульцы павялічваюць колькасць гандлёвых плошчаў і імкнуцца разнастаіць асартымент.

Найбольш шырока прэзентаваная прадукцыя Melon Fashion Group. Летась кампанія пастанавіла самастойна развівацца ў Беларусі, выкупіўшы бізнэс у партнёра ў франчайзінгу. На гэты момант у Беларусі працуюць 9 крамаў ZARINA, 8 – Befree, 1 – Sela. Паводле праграмы франчайзінгу функцыянуе адна крама LOVE REPUBLIC.

Сетка крамаў O’STIN прапануе мужчынскае, жаночае і моладзевае адзенне і аксэсуары сярэдняга коштавага дыяпазону. У Беларусі налічылі 11 гандлёвых пунктаў, у якіх ёсць прадукцыя гэтага расейскага брэнду. Апроч іх, у краіне дзейнічаюць крамы Gloria Jeans, Savage, oodji, «Тваё» і шэраг іншых.

Ювелірка, тавары для дома і спорт

Прысутнічаюць расейцы і ў сегменце нішавага рэтэйл. Напрыклад, «Аскона» стала вядома дзякуючы вытворчасці матрацаў, але сёння ў яе партфелі больш шырокі асартымент тавараў для дому. У Беларусі працуюць 29 фірменных крамаў Askona. Таксама кампанія прасоўвае свой брэнд Beyosa. У 2024 годзе расейскі вытворца хоча запусціць у Беларусі 7 уласных крамаў і 6 партнёрскіх.

Першая крама тавараў для спорту і актыўнага адпачынку «Спартмайстар» з'явілася ў Менску ў 1997 годзе. Цяпер у Беларусі налічваецца 15 аб'ектаў. Сем з іх знаходзяцца ў сталіцы.

За 2023 год ювелірны брэнд Sokolov адчыніў у Беларусі 8 новых крамаў (усяго іх у нас ужо 10). Большасць гандлёвых пунктаў знаходзіцца ў Менску – 5. Адна крама ёсць у Віцебску, Гародні, Гомелі, Берасці і Баранавічах.

Як пішуць расейскія СМІ, за адзін з асноўных сумежных рынкаў кампанія ўважае беларускі і мае намер пашыраць тут сваю прысутнасць.

У трох гандлёвых цэнтрах Менска працуюць хобі-гіпермаркеты «Леанарда» і крамы дзіцячага адзення Acoola. А вось парфумерны супермаркет «Залатое Яблык» пакуль ёсць толькі ў Galleria Minsk.

Топ-10 расейскіх сетак у Беларусі паводле колькасці крамаў

Апошнія навіны