«Расея пасыплецца паводле прынцыпу даміно»
- 28.02.2024, 9:06
Маёр УСУ распавёў аб «акне магчымасцяў» для Украіны.
Расейцы спалоханыя і не здольныя на сур'ёзныя крокі, каб супрацьстаяць пуцінскаму рэжыму ў Расеі, але да нейкіх дзеянняў іх маглі б падштурхнуць расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Такое меркаванне выказаў ветэран расейска-ўкраінскай вайны, маёр запасу УСУ Аляксей Гецьман у інтэрв'ю «Главреду».
«Расейцы спалоханыя, на сур'ёзныя крокі не здольныя, але, магчыма, расейскія добраахвотнікі маглі б арганізаваць нейкія рухі. Мы ж памятаем, як было, калі Прыгожын рухаўся на Маскву: калі людзі ўбачылі, што ўлада слабая, а трон захістаўся, у іх адразу з'явілася смеласць», - адзначыў Гецьман.
Ён перакананы, што дэмакратычная рэвалюцыя ў Расеі наўрад ці магчымая - там можа быць толькі бунт, «бессэнсоўны і бязлітасны».
«Аднак калі Расея пачне разбурацца, усё пасыплецца паводле прынцыпу даміно. Людзі вельмі хутка падымуцца. Яны паўстануць не за дэмакратыю, а дзеля таго, каб памяняць старога цара на новага. І гэта будзе акно магчымасцяў для Украіны: пакуль яны будуць зносіць старога цара, калі гэта ўсё ж такі адбудзецца, мы можам і вайну закончыць, і яшчэ шмат чаго карыснага для сябе зрабіць», - адзначыў маёр запасу УСУ.