BE RU EN

Беларускі прыдумалі дадатак, які дапамагае бацькам камунікаваць з дзецьмі

  • 28.02.2024, 11:02

Праграма набірае папулярнасць у фундатараў.

Стартап FAMS, які дапамагае бацькам наладжваць эмацыйныя сувязі з дзецьмі з дапамогай дыялогу, залучыў 400 тысяч даляраў інвестыцый. Пра гэта паведамляе itlogs.com (пераклад - "Люстэрка").

Стартап FAMS, які заснавалі бізнэсвумэн з Беларусі Алена Малюціна і Дар'я Калкоўская, залучыў 400 тысяч даляраў інвестыцый на так званым перадпасяўным раўндзе.

Перадпасяўны раўнд у залучэнні інвестыцый стартапамі - гэта першая стадыя фінансавання, калі праект яшчэ знаходзіцца на этапе ідэі, праверкі гіпотэз, распрацоўкі і запуску.

FAMS плануе выкарыстоўваць залучаны капітал на распрацоўку і прасоўванне прадуктаў, прыцягненне карыстальнікаў і даследаванне новых міжнародных рынкаў.

Сярод інвестараў – фонд SMOK Ventures, які інвестуе ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, вядомы бізнэс-анёл, сузаснавальнік Bulba Ventures Андрэй Аўсіевіч, партнёр Flint Capital і ранні інвестар Flo Дзмітрый Смірноў.

Выданне паказвае, што Дар'я Калкоўская больш за 10 гадоў працавала практыкуючым сямейным псіхолагам. Дадатак створаны, каб дапамагаць бацькам у развязанні тыповых праблем у размовах з дзецьмі. Ён будзе ўключаць праграмы і займальныя рытуалы для фармавання ў дзіцяці здаровых звычак. Акрамя таго, у ім прадугледжаны 24-гадзінны чат-бот са штучным інтэлектам.

“Мы не вучым бацькоў, як жыць і што рабіць. Замест гэтага мы даем ім выбар і з дапамогай сімулятара паказваем ім наступствы іх паўсядзённага выбару ў зносінах”, - сказала Алена Малюціна.

Апошнія навіны