У Беларусі мяняюць заканадаўства аб занятасці
- 28.02.2024, 14:53
Што ў ім новага?
"Дэпутаты" прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб змене законаў аб занятасці насельніцтва". Пра гэта паведамляе прэс-служба "парламента".
Сярод змен, якія ўносяць у заканадаўства, - памер дапамогі ў беспрацоўі будзе фіксаваным. Пры гэтым з'явяцца дадатковыя патрабаванні да яго атрымання. Скароцяць і тэрмін знаходжання ў статусе беспрацоўнага - з 18 да 12 месяцаў.
Як растлумачыла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, пры гэтым пашыраны магчымасці для рэгістрацыі грамадзян у якасці беспрацоўных. Цяпер зрабіць гэта можна не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання, прычым прадугледжана электронная рэгістрацыя ў службе занятасці для атрымання дзяржаўных паслуг у пошуку працы.
Дакумент таксама ўводзіць квоты працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў. Устанаўліваць іх будуць мясцовыя органы ўлады, улічваючы патрэбнасці рэгіёну.
Пашыраны і пералік катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі ў працаўладкаванні ў лік броні. У яго дадалі тых, каму застаецца 5 гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, а таксама тых, хто пакутуе ад алкагалізму або наркаманіі, але прайшоў медыцынскую рэабілітацыю.
Акрамя таго, узмоцняць кантроль за дзейнасцю агенцтваў працаўладкавання.